Як паведаміў адзін з чытачоў «НН», у мінскіх школах сярод настаўнікаў распаўсюджваюцца квіткі на матч Беларусь — Грузія, які адбудзецца 16 кастрычніка.
Нібыта, на школу дасылаецца заданне набыць чатыры квіткі за 320 тысяч рублёў. Настаўнікі мусяць выкупіць квіткі ў складчыну.
Нагадаем, што падобная інфармацыя з’яўлялася перад гульнёй Беларусь — Іспанія. Газета «Прэсбол» прыводзіла словы выкладчыка адной са сталічных школ, які прызнаўся, што на сходзе настаўнікаў абавязалі выкупіць некалькі квіткоў на матч кваліфікацыі ЧС-2014 Беларусь — Іспанія.
Падобная інфармацыя прыходзіла з самых розных бюджэтных арганізацый, ад медустановаў, да вайсковых часцей.
Карэспандэнт «НН» быў сведкам размовы прадавачкі аднаго са сталічных гандлёвых цэнтраў з кіраўніцтвам. Яна, у прыватнасці, пытала, колькі квіткоў выкупаць на яе аддзел.
Варта адзначыць, што квіткі на гульню з Іспаніяй рэзка патаннелі перад самай сустрэчай. Магчыма, дзякуючы гэтаму трыбуны «Дынама» былі запоўненыя амаль цалкам.