У чацьвер міністар статыстыкі Беларусі Ўладзімер Зіноўскі падвёў вынікі працы эканомікі за першы квартал 2007 году.

У цэлым, як адзначыў міністар, эканоміка захавала станоўчыя паказчыкі. Практычна ва ўсіх сфэрах эканомікі адбываецца рост. ВУП за першы квартал гэтага году вырас на 8,4% у параўнаньні з такім самым тэрмінам летась. Большая лічба тлумачыцца адносна цёплай зімой і палітыкай эканоміі энэргіі. Уладзімер Залеўскі адзначыў, што калі б не напружаньне ў пытаньні паставак паліва з Расеі, то такая б лічба магла б скласьці 10%.

Паводле Міністэрства статыстыкі ледзьве не адзінай сфэрай, дзе не назіраецца росту паказчыкаў, стала харчовая прамысловасьць. Найперш гэта тлумачыцца тым, што беларускі цукар перасталі пускаць у Расеі. Вытворчасьць цукру сёлета склала толькі 27% ад аналягічнага паказчыка мінулага году.

Працягваецца рост будаўніцтва жыльля. Зіноўскі адзначыў, што, на жаль, нягледзячы на тэмпы будаўніцтва, імкліва працягваюць расьці і цэны на жыльлё.

Затое сальда замежнага гандлю знаходзіцца ў глыбокім мінусе, які павялічыўся ў параўнаньні з мінулым годам. Так, адмоўнае сальда замежнага гандлю сёньня складае 659 мільёнаў даляраў, а адмоўнае сальда ў гандлі з Расеяй яшчэ большае – 795 мільёнаў даляраў. Чыноўнікі растлумачылі гэта тым, што больш, чым у два разы ўзрасьлі цэны на газ.

Летась Беларусь мела гандлёвыя дачыненьні з 143 краінамі сьвету. Адзначалася, што найхутчэй расьце гандаль з азіяцкімі краінамі – Пакістанам, Саудаўскай Арабіяй, Сырыяй, Віетнамам.

Колькасьць стратных прадпрыемстваў у параўнаньні зь мінулым годам скарацілася на 243 адзінкі. Аднак не было сказана, ці гэтыя прадпрыемствы пачалі прыносіць прыбытак, ці проста былі зачыненыя. З агульнай колькасьці беларускіх прадпрыемстваў 22,6% (2400 прадпрыемстваў) стратныя. Найбольшы паказчык стратных прадпрыемстваў у будаўнічай сфэры (29,6) і прамысловасьці (26,3).

Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва павялічыліся на 13,5%, хоць заробкі — толькі на 9,8%. Розьніцу ў гэтых паказчыках забясьпечылі прадпрымальнікі, валютныя апэрацыі, продаж маёмасьці. Сярэдні заробак у Беларусі сёньня складае 614 тысяч рублёў (287 даляраў ЗША). У нафтаапрацоўчай сфэры сярэдні заробак складае 1100 тысяч рублёў, у будаўнічай сфэры – 747 тысяч, у адукацыі – 527 тысяч, у сельскай гаспадарцы – 335 тысяч. Разрыў паміж даходамі 10% самых багатымі і 10% самых бедных вырас да 5,6 разоў. Памер сярэдняй пэнсіі 278 тысяч рублёў (130 даляраў).

Упершыню за апошні час пачала павялічвацца нараджальнасьці і падаць сьмяротнасьць. У параўнаньні зь мінулым годам за гэты час нарадзілася на 1400 дзяцей больш, а памерла на 1800 чалавек меней. Насельніцтва Беларусі цяпер складае крыху больш за 9 мільёнаў 700 тысяч жыхароў. Гэта на 600 тысяч меней, чым яно было ў 1994 годзе.

Пратэрмінованая запазычанасьць беларускіх прадпрыемстваў сёньня складае 4,8 трыльёна рублёў. Запазычанасьць у прамысловасьці складае 1,8 трыльёна рублёў, у сельскай гаспадарцы – 1 трыльён, у будаўнічай сфэры – 282 мільярды, у транспарце – 179 мільярдаў.

Таксама міністар прызнаўся, што дзе‑нідзе па краіне практыкуецца падача несапраўднай інфармацыі. Найперш гэта тычыцца разьліку прадпрыемстваў па заробках.

Уладзімер Зіноўскі прапанаваў журналістам часьцей зьбірацца і праводзіць прэс‑канфэрэнцыі са спэцыялістамі Мінстату. На прапанову праводзіць штотыднёвыя брыфінгі міністар адказаў, што нам і працаваць тады ня будзе калі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?