Слуцкая газета «Інфа-Кур’ер» надрукавала артыкул «Сэрца пад скальпелем». Яго аўтар — Уладзімір Дамель, які перанёс аперацыю на сэрцы. Ён не толькі дзеліцца з чытачамі сваім досведам, але і апісвае стан айчыннай кардыяхірургіі. А таксама тлумачыць, чым карысны для нас вопыт нямецкай медыцыны, з якой ён таксама сутыкнуўся. Прыводзім артыкул цалкам.

У беларускіх СМІ стан дапамогі хворым людзям у сучаснай кардыялогіі нашай рэспублікі часам агучваюць такімі пераможнымі рэпартажамі, што можна падумаць, кардыялогія ў Беларусі самая перадавая ў свеце. У рэспубліцы ёсць граматныя, высокакваліфікаваныя спецыялісты. У абласных цэнтрах сталі адкрывацца спецыяльныя аддзяленні кардыяхірургіі, дзе ставяць сучаснае абсталяванне. Аднак не ўсюды, дзе такое абсталяванне стаіць, ёсць высокакфаліфікаваныя хірургі і іншыя спецыялісты. Аб гэтым мне расказалі тыя хворыя з Магілёва, Брэста, Мінскай і Віцебскай абласцей, якія былі накіраваны на неадкладную аперацыю на сэрцы ў рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр «Кардыялогія».

Гэты цэнтр адзіны ў рэспубліцы. Чарга тут на тры гады. Шчасце ўсміхнецца таму, хто мае магчымасці прабіцца праз гэтую чаргу «без чаргі». Многія не дажываюць да часу дапамогі і паміраюць.

Споведзь раённага доктара

Адзін з дактароў Салігорскай ЦРБ расказаў: «Сёння трапіць да кардыёлага складана. Такі спецыяліст маецца не ў кожнай раённай бальніцы. Таму за ўсё адказвае тэрапеўт. Баліць у грудзях пры хадзьбе, высокі крывяны ціск — гэта стэнакардыя. Лекі — таблеткі.

На вуліцы можна бачыць, калі чалавек сталага ўзросту прыпыняецца, адпачне і нетаропка ідзе далей. Гэты чалавек мае сардэчна-сасудзістае захворванне. Часцей за ўсё — гэта ў каранарных сасудах сэрца няма пратокаў крыві, сасуды зараслі.

Сэрца стараецца пракачваць кроў, кроў па сасудах не праходзіць, наступае разбурэнне — разрываюцца клапаны, аорта. Тады вынік адзін: духавы аркестр і нагамі наперад на могілкі.

Эфектыўным лячэннем з’яўляецца каранараграфія. У выніку абследавання можна прыняць правільнае рашэнне. Але ў раённых бальніцах няма такога абсталявання, значыць, няма і спецыялістаў. Атрымаць накіраванне ў кардыяаддзяленне вобласці складана».

Па сведчанні статыстычнага аддзела пры Салігорскім райвыканкаме, у 2012 годзе ў раёне за студзень–ліпень памерла 876 чалавек. У мінулым годзе за гэты час — 908 чалавек. Як сказалі мне ў Салігорскай бальніцы, больш паловы памерлых — хворыя на сасуды і сэрца. Многіх можна было выратаваць, але ў раённай бальніцы такой магчымасці няма.
Пры апошнім наведванні Салігорска міністр аховы здароўя прызнаў, што ў Салігорску неабходна далей развіваць кардыялогію і устанавіць абсталяванне па каранараграфіі. Для гэтага патрэбны грошы, і вялікія, якіх няма. Патрэбны і спецыялісты. Іх таксама няма.

Скрозь чаргу «без чаргі»

Пасля таго, як мяне двойчы на вуліцах падбірала хуткая дапамога, я не сумняваўся, што трэба прабівацца ў сталічную кардыялогію скрозь чаргу «без чаргі». Чалавек, які дапамог гэта зрабіць, знайшоўся. Праз яго атрымаў накірунак на каранарнае абследаванне ў мінскую клініку.

Я спадзяваўся, што ў гэтай бальніцы мне паставяць неабходныя «стэны» — маленькія прыстасаванні, якія расшыраюць у заросшым месцы крывяны сасуд. Пра гэтае цуда сучаснай медыцыны я быў наслуханы, з некаторымі такімі людзьмі сустракаўся. Яны мне гаварылі, што пасля аперацыі адчуваюць сябе маладымі. Пастаноўка «стэнаў» бязбольная, чалавек у бальніцы знаходзіцца два-тры дні.

Але мае спадзяванні не збыліся. Для такой аперацыі я спазніўся, у двух месцах аорта зарасла. Каб адкрыць праток для крыві, трэба было яе спецыяльным бурам рассвідраваць пад пастаноўку «стэнаў». Паколькі сэрца пампавала, а кроў не праходзіла, разбурыўся клапан.

Пры бурэнні здарылася нечаканае: бур зайшоў у адкладзены цвёрды кальцыт і адарваўся. Вынуць яго ніяк не здолелі. Быў перакрыты той маленькі праток крыві, што яшчэ існаваў да гэтага. Назаўтра ў мяне здарыўся інфаркт.

Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Праз тры месяцы пасля інфаркту мне была прапанавана аперацыя на сэрцы без чаргі ў РНПЦ «Кардыялогія», каб я «не падымаў хвалю» ў Міністэрстве аховы здароўя, бо майму здароўю дактары нанеслі вялікі ўрон. Я згадзіўся. Аднак аперацыя на адкрытым сэрцы — гэта зусім не тое, што паставіць «стэны».

Погляд за бугор

Я насіў у сэрцы пакінуты бур і штохвіліны баяўся, каб інфаркт не паўтарыўся. А яшчэ хваляваў страх будучай аперацыі. Знаёмы, якога ў 2003 годзе аперыравалі ў Германіі, запэўніў, што ў нямецкай клініцы дастануць бур, паставяць «стэны».

У знаёмага добрыя адно-сіны і сёння з Андрэсам Люшнерам, прафесарам, доктарам медыцыны. Гэта надзея мяне ўзбадзёрыла. Можна заплаціць грошы, каб толькі не рабіць аперацыю.

Надзеі былі марнымі. Абследаваўшы мяне, прысуд беларускіх медыкаў быў кароткім: нічога паправіць без аперацыі немагчыма, занадта позна. І я паляцеў у Германію.

Нямецкі горад Рэгенсбург мае 120 тысяч пастаянных жыхароў. Тут няма Лядовага палаца, але затое ёсць дзве клінікі, у якіх робяць аперацыі на сэрцы.

Сярод малодшага медыцынскага персаналу мала жанчын. Санітарамі працуюць маладыя мужчыны. У калідоры няма звыклага натоўпу людзей на прыём да доктара.

Перад тым, як мяне прыняў прафесар, зрабілі кардыяграму, памералі крывяны ціск.

Да сустрэчы з доктарам прайшло каля 15 хвілін. Вынікам візіту стала яго выснова аб праваце беларускіх кардыёлагаў: без аперацыі ніяк не абысціся.

На маё пытанне, ці доўга людзі чакаюць аперацыі, ці ёсць чарга, доктар адказаў: «Людзям даводзіцца чакаць пяць-семь дзён. Кожны чалавек да пяцідзесяці гадоў праходзіць каранараграфію. Гэта рэзка знізіла колькасць людзей, якім робіцца аперацыя на адкрытым сэрцы. Калі я пачынаў практыку, людзі чакалі сваёй чаргі некалькі месяцаў»…

Аперацыю я вырашыў рабіць дома, у Беларусі. Таму з Германіі вярнуўся 28 мая, а 1 чэрвеня лёг у РНПЦ «Кардыялогія».

Мілы мой доктар

Як у любой бальніцы, кожны пацыент мае свайго любімага доктара: «Вось гэты, самы лепшы хірург!» Але я не ведаў нікога з хірургаў, таму не заказваў, не прасіўся: хто будзе аперыраваць — таму вялікі дзякуй.

Мяне аперыраваў Юрый Міхайлавіч Часноў, доктар медыцынскіх навук. Перад аперацыяй я папрасіў яго, каб зрабілі некалькі фотаздымкаў майго сэрца. Убачыў іх, калі падняўся і стаў хадзіць. Мне нічога больш не засталося, як пацалаваць рукі Юрыя Міхайлавіча. Шчыры дзякуй яму і ўсяму медыцынскаму персаналу. Сёння я спакойна іду па вуліцы і радуюся таму, што магу ісці і ў мяне нічога не баліць.

Кошт аперацыі

Аперацыя каштуе дорага. Клапан для сэрца і аорта — па 1000 долараў кожнае, укол новага антыбіётыка — 500 долараў. А дабавіць сюды расходныя матэрыялы? Тыя ж ніткі, якімі сшываюць, — выраблены ў Амерыцы. Атрымліваецца кошт аперацыі не ў адну тысячу долараў.

Грошы з дзяржаўнага бюджэту. Іх заўсёды не хапае. Таму часта бывае, што аперацыі адкладваюцца на невядомы час, пакуль не будуць куплены неабходныя матэрыялы.

Так па прычыне адсутнасці аорты пасля двухтыднёвай падрыхтоўкі да аперацыі дадому, у Брэст, быў адпраўлены спартсмен, ахоўнік прадпрыемства «Санта Брэмар».

Часта бывае, што пацыенты купляюць за свае грошы неабходныя матэрыялы: клапаны ў сэрца, катэтары ў Галандыі, Францыі.

Аднойчы давялося быць сведкам размовы хірурга па мабільнаму тэлефону. Усхваляваны доктар гаварыў: «З абласной бальніцы Бараўляны на аперацыйным стале ляжыць мужчына, няма аорты. — Доўга слухаў адказ, а пасля сказаў: — Яшчэ малады, усяго пяцьдзясят восем гадоў».

Другога пацыента, Пятра Гаўрыкава, трыццаць восем гадоў, прывезлі з Бабруйска, прама з працы. Яму пашанцавала, паспелі.

У выніку аперацыі замянілі разарваны клапан, а на месца разбуранай аорты «скляпалі» пратэз. Так другі раз нарадзіўшамуся Гаўрыкаву сказаў хірург, які рабіў аперацыю і «кляпаў» пратэз аорты.

Споведзь раённага доктара. Працяг

«Ні адзін залаты медаль спартсмена з алімпіяды не каштуе чалавечага жыцця. Тыя грошы ў медыцыну б...

Калі ў рэспубліцы была б наладжана, як у Еўропе, кардыялогія, то сардэчна-сасудзістыя захворванні вырашаліся б на першай стадыі. За грошы, якія зараз трацяцца на адну аперацыю, можна было вылячыць 15–20 хворых. Усе яны засталіся б працаздольнымі.

Пакуль пасля аперацыі, як правіла, атрымліваюць інваліднасць. Як мага хутчэй трэба асвойваць каранараграфію, каб людзі да пяцідзесяці гадоў былі ўсе абследаваны, як цяпер абследуюцца ў рэнтгенаўскім кабінеце».

Размова з хірургам

Пасля аперацыі я папрасіў Аляксандра Паўлавіча Шкета, загадчыка другім хірургічным аддзяленнем, адказаць на пытанні.

— Калі была першая аперацыя на сэрцы ў цэнтры «Кардыялогія»?

— Першая аперацыя на закрытым сэрцы была зроблена ў 1963 годзе прафесарам Маславым. Дыягназ тады ставіўся пры дапамозе фондаскопа. Гэта традыцыя засталася ў пажылых спецыялістаў. Першая аперацыя са штучным крывацёкам была выканана ў 1967 годзе.

— Як выглядае беларуская кардыялогія ў параўнанні з еўрапейскай?

— Па колькасці цэнтраў (кожны абласны горад) ёсць магчымасць забяспечыць насельніцтва рэспублікі якаснай, своечасовай дапамогай. Неабходна падрыхтоўка спецыялістаў і матэрыяльнае забеспячэнне медыцынскіх устаноў. З цягам часу, магчыма, гэта будзе.

— Што скажаце пра спецыялістаў, якія ўзначальваюць аперацыі ў рэспубліканскім цэнтры?

— Лічу, што вядучыя хірургі працуюць на еўрапейскім узроўні. Я і іншыя спецыялісты часта бываем у клініках Еўропы, таму ёсць магчымасць параўнаць майстэрства хірургаў. Наш цэнтр займае дастойнае месца сярод еўрапейскіх. За год праводзім на адкрытым сэрцы больш за адну тысячу аперацый, а ўсіх — 3,5-4 тысячы.

Чарга, у якой не дажываюць да аперацыі, гаворыць аб тым, што аднаго такога цэнтра «Кардыялогія» на рэспубліку вельмі мала.

Асабістае

У некаторых людзей, спецыялістаў могуць быць іншыя погляды. Але тое, што ў кардыялогіі сёння вялікія праблемы, сумневаў няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?