15:45
У часе прэс-канферэнцыі для расійскіх рэгіянальных журналістаў Аляксандр Лукашэнка заявіў, што адмовіўся ад хабару $ 5 млрд за прыватызацыю «Беларуськалія». Паводле яго словаў, хабар яму прапаноўваў «Міша», які мае ўваходы да яго.

(Міхаілам, дарэчы, завуць Гуцэрыева — кіраўніка «Руснефті» і чалавека, якому дазволілі распрацаваць новае радовішча калійных угнаенняў у Беларусі.)

«Хочуць купіць за 15 мільярдаў даляраў некаторыя вашы алігархі. Некаторыя здурнелі і прапанавалі аднаму ўваходжаму да мяне багатаму расейскаму чалавеку: Вы яму [Лукашэнку] скажыце — вось 10 мільярдаў плацім, а 5 мільярдаў — яму, куды скажа», — расказаў Лукашэнка.

Лукашэнка сцвярджае, што пасярэднік перадаў яму гэтую прапанову, хоць «перапрошваў, бо даўно мяне ведае» і баяўся, што на яго «надзенуць кайданкі». Са словаў Лукашэнкі, ён адказаў: «Я кажу: Міша, я не буду на цябе наручнікі надзяваць, але ты больш да мяне з такімі ідэямі не прыходзь».

15:26

«Я пабойваюся даваць двайное грамадзянства ўсім запар. Але даём спартсменам выбітным. Лыжнікам. Дарка Домрачава — найлепшая біятланістка свету, нарадзілася, хай у беларускай сям’і, але ў Сібіры». [Насамрэч яна нарадзілася ў Мінску — НН].

Лукашэнка расказвае, што адзін расійскі алігарх падарыў яму аўтамабіль «Майбах», але ён ім не карыстаецца, стаіць у гаражы.
15:11

«Мне прыватная ўласнасць не чужая. Я і дом пабудаваў, і дрэва пасадзіў, і трох сыноў… як гэта называецца… зрабіў?.." «Нарадзіў». «Так, нарадзіў».

Аб прысудах і смяротным пакаранні: «Нават калі людзям гэта не падабаецца яны скажуць: «Смярдзючы Лукашэнка ж мае рацыю».

15:08

Лукашэнка кажа, што Марат Новікаў здзейсніў «рэйдэрскі захоп» прадпрыемстваў «Камунарка» і «Спартак». Самога Новікава ён называе «Ізя Сігізмундавіч». Гаворыць, што Новікаў шмат клаў грошай на свой амерыканскі рахунак. «Купляў цукерку за 2 тысячы, а прадаваў у Расіі за 4 тысячы. І як я павінен на гэта рэагаваць? Канечне, зараз будуць казаць, што Лукашэнка дыктатар і г.д. Усё павінна быць чэсна. Атрымлівалася, што тут рабы працуюць за капейкі, а ён сабе наварвае. Хоць бы разумную сістэму [крадзяжу] выдумаў, яўрэі ж разумныя людзі».

15:01

Лукашэнка кажа, што хацеў бы назваць «Белую Русь» сацыялістычнай, а не камуністычнай. Скрытыкаваў «Справядлівы свет» Калякіна. Кажа, што гэтая партыя ўжо «канула ў Лету».

«Чаму ніхто не паказвае пальцам на Францыю, што там прыйшлі да ўлады сацыялісты? У іх ужо няма нічога сацыялістычнага, яны звычайныя буржуі».

«Усе хацелі б купіць Беларускую калійную кампанію. Мы назвалі цану — 30–32 мільярды. Ніхто не гатовы купіць. Вашы алігархі хочуць купіць за 15 мільярдаў. Я не пайду на такую прыватызацыю. Мае грошы шукаюць усе — ад нашых ушывых „пятай калоны“ да прэзідэнта Буша. Калі мы будзем хапугамі, то ўсё грамадства будзе такім».

14:34
Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі не засталося жабракоў.

«У Мінску я аднойчы бачыў чалавек з працягнутай рукой. Папрасіў службу бяспекі разабрацца, чаму ён сядзіць, калі ў Мінску ёсць добрыя начлежкі. Мы іх не хапаем і не вязём у каталажку. Што там у Брэсцкай крэпасці за чалавек?»

«Даведаемся», — адрапартавалі Лукашэнку. «Я ўжо думаў, у нас ніводнага такога не засталося».

14:10
Што гэта за мужык, што ў арміі не служыў?

«Чыноўнікаў у нас стала меней. Мы ў два разы скарацілі чыноўнікаў у параўнанні з савецкімі часамі. А цяпер яшчэ на чвэрць скарачаем, каб павысіць заробкі дзяржслужбоўцам. Таксама ў нас ідзе рэформа МУС, якая таксама скончыцца скарачэннямі. Армію мы нашу ўжо рэфармавалі. НАТАўцы нашу армію ацэньваюць, як самую падрыхтаваную на тэрыторыі былога СССР. Што гэта за мужык, што ў арміі не служыў? Да нас у Адміністрацыю часта пішуць маці, якія просяць забраць балбеса ў армію. Той, хто не служыў, не гатовы забяспечваць і абараняць сям’ю. Я часта кажу, глядзіце, дзяўчонкі, за каго замуж ідзяце».

14:04
Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што Беларусь перастала адсяваць нелегалаў, якія ідуць транзітам праз яе тэрыторыю ў краіны Еўрасаюза.

«Расія возьме за другі канец трубы ды ахне, што мала не падасца», — кажа Лукашэнка, калі адказвае, чаму Захад крытыкуе Беларусь, а не Расію. «Мы цудоўна ведаем сваё месца, якая дыктатура?»

«Якія ад нас праблемы? Ніякіх. Мы, як дурачкі, лавілі людзей, што з Афганістана праз Расію у Еўрасаюз. Навошта нам гэта трэба, яны ж не да нас ідуць».

Лукашэнка заявіў, што спрыяе іміграцыі ў краіну, у тым ліку з краін Азіі.

«Нам трэба 20 мільёнаў, а не 10. Я ні на каго не буду коса глядзець, да нас таджыкі едуць, туркмены. Едуць жыць у Чарнобыльскую зону, дзе ніхто не жыве. Калі таджык, ці туркмен з беларускай жэніцца, то дзеці прыгажуны атрымліваюцца. Мне Патрыярх Кірыл казаў, што Беларусь — гэта найлепшае, што ёсць у РПЦ».

13:53
У вас выбары — гэта грошы, у нас — свята.

«У вас выбары — гэта вялікія грошы і шоу, у нас — свята. У нас буфеты на ўчастках, і гарэлка, і каньяк прадаецца. Музыка, дзеці з розных гурткоў, і яны шчаслівыя. Нас крытыкуюць за гэта. Але расіяне добра адзначаюць гэта. Ідзі галасуй за каго хочаш. Расія ўзяла крыху ад Захада, хоча быць крыху цяжарнай, так не ўдаецца. Чым вышэй выбары, тым болей вы кідаеце ў печку грошай.

Гэтыя выбары мы так адкрыта правялі, што хадзілі куды хацелі. Сапраўдныя незалежныя назіральнікі, не ад АБСЕ, не ад СНД, высока ацанілі выбары.

Учора прынялі рашэнне працягнуць санкцыі супраць Беларусі? За што? Мы ж разумеем, што ім не падабаецца Лукашэнка».

«У нас не стаіць пытанне з Расіяй, ці не. Расія — гэта наша Расія. Пастаў побач беларуса і расейца — не адрозніш. Чаму аўстрыец не глядзіць зверам на немцаў? На Захадзе лічаць, калі з Расіяй, то ворагі», — кажа Лукашэнка.

13:41
«Мы падтрымаем усё да 90-годдзя стварэння СССР. Калі б не было СССР, не было б Беларусі, прынамсі, у гэтым выглядзе».
«Мяне адно турбуе, што вельмі высокія цэны на рынку жылля трымаюць праз багатых людзей з Расіі», — сказаў Лукашэнка, прывёўшы прыклад, што вядомы журналіст Дарэнка мае кватэру ў Мінску.
13:28
«Мне да Сталіна і Леніна топаць і топаць. Мы да іх кепска ставіцца не павінны. Ленін стварыў дзяржаву, Сталін — умацаваў.

Не ведаю, як мяне ацэняць праз 50 гадоў. Людзей на вуліцах лавіў і еў, асабліва дзяцей. Я неяк быў у Венгрыі, потым у Аўстрыі. Дык там ганарацца і захапляюцца Аўстра-Венгерскай імперыяй. У Кітаі на галоўнай плошчы стаіць маўзалей Мао Цзэдуна. Яны ж разумныя людзі, не выкінулі». «Не ўсім жа быць дурнымі», — падтаквае расейскі камуністычны журналіст і перадае падарункі.

13:14
«Галоўнае — з дзярма не рабіць герояў», — сказаў Лукашэнка пра Pussy Riot.
«Трэба было з намі параіцца, мы маем досвед з такімі палітычнымі групамі. Я згодзен з патрыярхам, што негатыўную ролю граюць расійскія СМІ.
Усім трэба перабудоўвацца, у тым ліку і царкве.
Прыязджалі да нас нейкія голыя жанчыны з Украіны, мяне паказвалі, праўда, у мяне не такія грудзі як у іх. Я сказаў, каб не чапалі іх [са словаў дзяўчат, іх вывезлі ў лес, здзекаваліся, пафарбавалі і абстрыглі і пакінулі там — НН]. Адзін раз прыязджалі — другі раз не прыехалі. Яны гэта робяць для правакацыі, і мы трапляемся на гэты кручок.
13:09

«Абсалютная колькасць беларусаў падтрымлівае будаўніцтва АЭС. Па перыметры Беларусі існуюць АЭС, мы чаго баімся? Калі асноўны ўдар прыйшоўся на нас, то людзей было цяжка пераканаць. А потым прыняў рашэнне.

Нам патрэбная АЭС, гэта меншая залежнасць ад паставак прыроднага газу.

Пабудова і эксплуатацыя АЭС — гэта космас на зямлі».

13:06

Лукашэнка абураецца, што на расійскіх каналах паказваюць пра Беларусь толькі чарнуху-парнуху, «не каб паказаць тры-чатыры нармальных сюжэты». «Не прабіцца», — кажа кіраўнік дзяржавы. Яго абурае, што «Беларусь-ТБ»па-ранейшаму не транслюецца ў Расіі.

«У Макея (раней Мартынава) і Лаўрова ніколі не было праблем у паразуменні. У счэпцы супольнай мы не заўсёды ідзём. Трэба працаваць, як у Еўрасаюзе. Цяпер у нас гэта на дастаткова высокім узроўні, не так, як было раней».

12:52

«У нас кіраўніком МАЗа працуе чалавек, няпростая доля. На вытворчасць прыйшоў з турмы. Прыйшоў і сказаў: „Я зраблю“. Дык што ўсе павінны прайсці праз турму, каб так працаваць. Мы нядаўна яму ордэн далі, ён бы і да „Героя Беларусі“ дайшоў, каб не крызіс», — сказаў Лукашэнка пра Бароўскага.

Жартуе: мо мне ўсіх міністраў праз турму правесці?
12:46

«Ёсць чалавек — ёсць поспех, — кажа Лукашэнка. — У нас падборам кадра займаецца Адміністрацыя прэзідэнта. У нас ёсць кадравы рэестр, які налічвае 900 чалавек. Сёння ў нас Радзькоў, Сямашка, мудрыя людзі. Калі мяне толькі абралі прэзідэнтам, то мне было ўсяго 40 гадоў.

30, 28 гадоў — у цябе няма за спінай багажа, які нармальна табе дазволіць працаваць міністрам.
Я б можа і прызначыў 30-гадовага міністра, каб быў упэўнены, што ён вундэркінд. Калі табе 60 гадоў, то цябе нельга прызначаць на пасаду навыраст. Рэдка бываюць выключэнні.

Калі табе 45, 50, пад 60, то дай Бог, мне паболей такіх людзей. Трэба прафесіянал і здаровы чалавек, не важна колькі яму гадоў.

Некаторыя нашы кіраўнікі прадпрыемстваў сталі пісаць мемуары, ім працаваць трэба 24 гадзіны ў суткі, а не мемуары пісаць».

12:31
Лукашэнка зноў паўтарыўся пра даярак, якая, калі прыходзіць з працы, не павінна кепска пахнуць пры мужу, памыцца.
Цяпер кіраўнік дзяржавы доўга пералічвае ўсе дасягненні беларускай дзяржавы за час яго кіравання. Кажа, што збудавалі 1500 аграгарадкоў, у якіх жыццё па камфорце — як у гарадах. Кажа, што бракуе кавярняў. Чаго яшчэ недастаткова — гэта гасцініц. Шмат добрых словаў сказаў пра «Мінск-Арэну». Кажа, што Мінск гатовы да чэмпіянату свету па хакеі. Абяцае наступны раз пасяліць расійскіх журналістаў на беразе Мінскага мора, у санаторыі.
Просіць аддаць Беларусі тэнісны «Кубак Крамля». «Гэта ж ганьба, калі на трыбунах два чалавекі.
У нас нядаўна была катавасія з футболам. Падзапусцілі стадыён «Дынама», паднялі шум. За суткі зачахлілі ўсе сядзенні, была праблема, што людзі не пойдуць на трыбуны. Я думаю, што ўключым адміністрацыйны рэсурс.
Такой ганьбы нацыі я не бачыў, кажа ён пра матч з іспанцамі. Абкакаўшыся, выйшлі на полі.
Грузіны да апошніх хвілін змагаліся. Перадайце ім прывітанне, скажыце, што я ім людзей збіраў. На Грузію мы збіраць людзей не будзем.
12:20
«Добра, што цэны на нафтапрадукты выраслі, дык Расія выкараскалася з крызісу, але зноў апусцяцца, дык ці выкараскаліся?
Калі б пайшлі такім шляхам, то што б з нас было — Кыргызстан, дзе нічога свайго няма».
«Я буду тым чалавекам, які будзе катэгарычна супраць развалу саюзнай дзяржавы.
Мы павінны такія ўмовы стварыць, каб Україна сама ішла да нас, а не мы яе цягнулі».
12:10

Пытанне ад «Арэол-ТВ» з горада Гатчына пра раённыя гарады Беларусі, як іх развіваць.

«Мы лядовыя палацы не для свавольства будуем — гэта мільёны даляраў. Пакуль трэба, каб сённяшнія хаця б акупляліся. Дзяржава па сёння іх фінансава даціруе. Мы не зможам 150 каткоў пабудаваць па ўсёй краіне».

12:02

Пытанне ад радыё «Расія». Журналістаў не адпускае тэма саюзнай дзяржавы, пытаюцца пра перспектыву гэтага саюзу.

«Не знаю, што можна зрабіць. Нам трэба разам сесці і падумаць. Самае галоўнае вызначыцца, што для прыярытэтней, што не згубіць».

Лукашэнка гатовы прадаць НПЗ Расіі, калі суседняя дзяржава пусціць Беларусь да здабычы нафты.

«Чаму мы ў Венесуэле запраста здабываем нафту. І мы будзем здабываць лепш, чым вашы кампаніі. Давайце мы 10 самі дабудзем у вас, а 14 — купім. На такіх самых умовах, як замежныя кампаніі. Чаму не згаджаюцца? Адказу няма. Пра якія роўныя ўмовы можна гаварыць? Нам цяжэй жыць у гэтых умовах.

Калі чуеце, што Лукашэнка нахлебнік прысмактаўся да Расіі. Я такі нахлебнік, што купляю ў два разы даражэй».

11:46
З СГА Расія кінула Беларусь.

Газета «Кузбас» цікавіцца ў Лукашэнкі, як адаб’ецца ўступленне Расіі ў СГА на адносіны паміж краінамі.

«Я — патрыярх у палітыцы. Я шмат чаго бачыў. Украіна рукі ўверх, хэндэ хох, іх прынялі. Не пускаюць нас у СГА, давайце створым сваё СГА. Пакажам як трэба працаваць. У нас адна мова, пакуль яшчэ не паўсюль забыліся. Хаця прыедзеш куды, нідзе не бачыш рускай мовы. Ніводнага надпісу на вуліцы, на шапіку, на бардэлі па-расейску няма.

Мы вельмі акуратна аналізуем інфармацыю, што складваецца ў нашай Расіі.

Мы атрымалі глабальны крызіс у беларускай сістэме, калі ўвялі новыя мыты на аўтамабілі.
Тады беларусы вывезлі з краіны 3 мільярды даляраў. Было таксама павышэння цэнаў на прыродны газ. Наша фінансавая сістэма проста не вытрымала.

Мы дарагую цану заплацілі за Мытны саюз».

11:38

Лукашэнка сказаў, што ў Расіі хочуць, каб болей беларускіх будаўнікоў ездзілі да іх. «Яны кажуць, што таджыкі цэглу могуць прынесці, але астатняе зрабіць — не».

«Мы прадаём крышку болей у ЕС, чым у Расію. Калі так нейкія хваляванні, то гэта кепска. Нам трэба папрацаваць, каб была стабільнасць на валютна-фінансавым рынку.

Наша знешняя палітыка — шматвектарная. Мы хочам жыць у дружбе з ЕС, не хочам з імі сварыцца, Расіяй, мы родныя людзі. Мы падтрымліваем адносіны з былымі краінамі ЕС. Не робім праблем ЕС, хаця некаторыя незадаволеныя, напрыклад, Польшча».

11:34
Лукашэнка прызнаў, што ёсць палітвязні.

«Што датычыць палітыкі, то я не надта задумваюся. Ёсць пытанні, якія трэба вырашаць. Гэта ад нас патрабуе Захад, у Расіі раздаюцца галасы часам і не толькі ад апазіцыі, але і ў Думе крытыкуюць Лукашэнку. Я добра ведаю, што такое партыйная сістэма, а што такое мажарытарная. Калі ўсе ведаюць толькі Зюганава і яго намеснікаў, а астатніх не ведаюць, гэта хіба нармальна?

У нас 15 партый, але людзі ведаюць толькі левую кампартыю і праварадыкальную БНФ, „якая нарабіла шмат шкоды“. Астатнія 13 яны не ведаюць. Партыйная сістэма павінна скласціся. Я буду падштурхоўваць працэс выспявання партыйнай сістэмы. Дапамагаць не буду, але і замінаць таксама. Што да ўладнай партыі, то вы ведаеце, якое стаўленне ў народзе да іх.

У нас двое ці трое палітвязняў, якія штурмавалі і ламалі Дом урада. Добра, што ў нас цяпер Іспанію і Партугалію паказваюць па тэлівізары.

Я лічу, што правы чалавека — гэта права жыццё, гэта права на працу, на годны заробак».
11:27

«У нас добры лес. У нас было добрая вытворчасць мэблі. Цяпер мы праводзім мадэрнізацыю дрэваапрацоўкі.

Кажуць, што Лукашэнка развівае сельскую гаспадарку, бо ведае яе. Па сваёй першай адукацыі я гуманітарый. Потым працаваў у сельскай гаспадарцы, я там быў не таму, што так ужо люблю. У нас ёсць магчымасці развіваць сельскую гаспадарку. Дасягнулі пэўных поспехаў. Сёння ў нас 95% забеспячэння сваімі прадуктамі. Да нас паступае 3–5% тавараў, кшталту бананаў. Але і бульба егіпецкая ў нас ёсць.

Калі раней мы думалі, як накарміць уласны народ, як купіць у Чэхіі трохі зерня, то цяпер мы не проста накармілі, але і праз два гады ў нас будзе 5 мільярдаў экспарту. Гэта не так проста, бо гэта не нафта ці газ».

11:21

Пытанне ад тэлерадыёкампаніі «Омск». Журналістка бывала ў Беларусі 16 разоў, тут нарадзіўся яе дзядуля. Пытанне: якія першасныя задачы ставіць перад сабой Лукашэнка сёння.

«Так, вы мне такое пытанне задалі, што дня не хопіць, каб усё пералічыць. Асновай усяго з’яўляецца эканоміка. Нават нашы пасольствы ў свеце арыентаваныя на эканоміку, каб прасоўваць у гэтых дзяржавах наш таваразварот. Дыверсіфікацыя нашай эканомікі — гэта галоўнае».

Лукашэнка прыводзіць у прыклад БелАЗ. Кажа, што ўтрымліваць рынак вельмі цяжка, машыны амаль не працуюць у Беларусі. «Так атрымалася, і гэта частка нашай эканомікі».

11:15

Ёсць і недахопы, кажа Лукашэнка. «Чаканні людзей мы не задаволілі. Мы не абвесцілі мэты, якіх хочам дасягнуць. Мы былі гатовыя да Канстытуцыйнага акта, але расійскія эліты не былі гатовыя да такога радыкальнага кроку. Не абавязкова адзінай валютай павінен стаць расійскі рубель. Гэта б магло быць не страшна. Але пасля нам сказалі, што адзіны эмісійны цэнтр будзе ў Маскве. Можа і гэта было б нястрашна.

Сёння мы спыніліся на тым, што маем. І спрабуем вырашаць праблемы, якія стаяць перад нашымі народамі».

11:11

Першае пытанне ад выдання «Расійская Федэрацыя сёння». Пытанне пра перспектывы саюзнай дзяржавы ў сувязі з стварэннем Еўразійскага саюза. Другое пытанне пра Канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы.

«Калі характарызаваць працэс стварэння саюзнай дзяржавы, вы ўсе памятаеце няпростыя часы, калі мы працавалі з Барысам Мікалаевічам, вы памятаеце той стол, чай з булачкамі, тады былі зробленыя першыя крокі. Калі я выбіраўся прэзідэнтам, то гэта была адна з асноўных маіх задач, я правёў рэферэндум. У Расіі такога рэферэндуму не было, хаця можа і не трэба.

На сёння мы практычна жывём у адной дзяржаве, у нас няма граніц. У нас супольная не толькі эканоміка, але скаардынаваная знешняя палітыка, падобная ўнутраная, хай мы часам больш жорстка дзейнічаем».

* * *

Аляксандр Лукашэнка 16 кастрычніка ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі праводзіць прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных СМІ. Аб гэтым паведамілі ў ягонай прэс-службе.
Як паведамлялася, сёлета ў прэс-туры ўдзельнічаюць 90 журналістаў з 80 расійскіх СМІ 48 суб’ектаў усіх федэральных акруг Расіі.
«Канструктыўна, па-дзелавому правесці сустрэчу», — Лукашэнка ў самым пачатку прэс-канферэнцыі просіць расійскіх журналістаў задаваць любыя пытанні, абяцае адказаць на ўсе. Кажа, што апошнім часам у яго перабор размоваў з журналістамі: былі інтэрв’ю «Міру», «Індэпэндэнт». Цяпер вось прэс-канферэнцыя для прадстаўнікоў расійскіх СМІ.
Лукашэнка кажа, што стасункі з Расіяй развіваюцца па-рознаму, то канфлікты, то мір. «Мы зразумелі, што нам у гэтым свеце адзін без аднаго ніяк». «Моцнымі, незалежнымі нашы краіны нікому непатрэбныя, апроч нас саміх».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?