У любога паселішча ёсьць сэрца. Сэнсавы цэнтар. Месца, якое найбольш ясна выяўляе повязь гісторыі й сучанасьці, і сьведчыць пра дух, што пануе сярод жыхароў.

У сэрцы Малога Сітна разьмяшчаюцца могілкі.

Не, на мапе ўсё прыгожа: геаграфічны плян Сітна нагадвае сонца. Абапал кола, утворанага трыма галоўнымі вуліцамі, тоўпяцца сельсавет, крама, пошта, леспрамгасаўскі гараж, фэльчарска‑акушэрскі пункт ды абэліск з чырвонай зоркай (на тым месцы, дзе калісьці стаяла царква), а на прамянях‑дарогах, што разыходзяцца ў розныя бакі, — рагі хатаў ды леспрамгасаўскія спаруды. Але ў самім сонечным коле — вялікі пагост. Так ці інакш усе вясковыя шляхі ды сьцежкі скрыжоўваюцца на могілках. Сьвяты масава адзначаюцца тут сама, за адмысловымі сталамі. Ды й галоўная вясковая будоўля цяпер тут: штогод да нэкропалю дадаюцца цэлыя кварталы пахаваньняў. І штаб мясцовае ўлады, і ўстанова аховы здароўя, і агмяні спажывецкае цывілізацыі, і індустрыйны комплекс асуджана пазіраюць, як пашыраецца сіценскі цэнтар.

Тым часам на саміх могілках ідзе стоенае змаганьне сымбаляў і сэнсаў: саўковага кшталту помнікі канкуруюць з усё больш пашыранымі крыжамі, а тут сама, наўзбоч (бо цэнтар жа!) раскладваюць тавар аўталаўнікі ды заежджыя гандляры.

У маленькім сэрцы Малога Сітна адбываецца ўсё тая ж нябачная бітва, што і ў сэрцах вялікіх беларускіх гарадоў.

За савецкім часам у цэнтрах местаў ды мястэчак панавала пустэча. Храмы, ратушы ды іншую ідэалягічна варожую архітэктуру руйнавалі, і чыгунны Ільліч пільна сачыў, каб утвораную сакральную пустку люд запаўняў толькі на афіцыйныя камуністычныя сьвяты — 1 траўня ды 7 лістапада. Калі ў эўрапейскіх гарадох цэнтар спрадвеку згруджаны, запоўнены, зьмястоўна моцны — у БССР было заведзена ганарыцца адсутнасьцю аўтамабільных затораў, найвялікшымі ў сьвеце плошчамі ды забаронай паспалітаму люду на гэтых плошчах зьбірацца. Да цяпер пустое савецкае сэрца да апошняе кроплі крыві бароніцца ад наступу офісаў, крамаў, кавярняў ды паркінгаў — і супраціўляецца аднаўленьню храмаў.

Так заўжды было ў пераходныя эпохі: гарадзкі цэнтар ператвараецца ў цэнтар цяжару прыняцьця гістарычнага рашэньня.

І вось па ўсёй краіне распачынаецца сапраўдная вайна за дамінаваньне ў цэнтры. Ідзецца нават ня столькі пра цану квадратнага мэтру дарагое зямлі або прэстыж — гаворка пра тое, што надалей стане восьсю беларускага жыцьця.

У Віцебску на месцы царквы Параскевы Пятніцы, разбуранай бальшавікамі, плянуюць будаваць забаўляльны комплекс. У Горадні пракладаюць каналізацыю праз падмуркі сярэднявечных храмаў і руйнуюць унікальныя будынкі дзеля будаўніцтва даходных муляжоў. У Берасьці зачыняюць «Стары Горад», што дамагаўся аднаўленьня гістарычнага места.

Але найбольш вострае сутыкненьне адбываецца цяпер у сэрцы Менску, у самай сярэдзіне Верхняга Гораду. Былы манастыр бэрнардынцаў, адабраны ў Касьцёлу пасьля паўстаньня Каліноўскага й за саветамі ператвораны ў архіў, цяпер зьбіраюцца перабудоўваць у гатэль. Вось ужо трэці год вернікі менскіх касьцёлаў ды грэка‑каталіцкіх парафіяў штовечар а 19‑й моляцца за вяртаньне сьвятыні. Менавіта гэтак — малітваю, постам і грамадзкімі акцыямі — яшчэ ў камуністычнай Беларусі сьвятары ды вернікі дамагаліся вызваленьня Чырвонага Касьцёлу й Катэдры. Але цяпер на месца ў менскім сэрцы прэтэндуюць не адно саўковы пыл ды шэрасьць, але яшчэ й элегантны грашавіты глямур — пяцізоркавы гатэль з казіно і саўнай. Скварка ў чакалядзе.

Супольная малітва, стаяньне ля сьценаў ды збор подпісаў за вяртаньне Касьцёлу сьв.Язэпа — справа ўсіх беларускіх патрыётаў ды вернікаў усіх канфэсіяў. Ацаленьне беларускага сэрца сёньня адбываецца менавіта тут.

Бо насамрэч змаганьне за сьвятыню ў цэнтры Менску — гэта змаганьне за сэрца кожнага беларуса. Вызначэньне, што ж запануе ў храме нашае душы.

Выгнаньне гандляроў з Храму — 2000 гадоў таму з гэтага ўжо пачыналася адно нацыянальнае абуджэньне.

Павал Севярынец, в. Малое Сітна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0