Беларускія праваабаронцы вырашылі ўстрымацца ад удзелу ў грамадскіх абмеркаваннях інстытута амбудсмена ў Беларусі, заявіла старшыня праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі Алена Танкачова 16 кастрычніка ў Мінску ў ходзе сустрэчы праваабарончых арганізацый Беларусі.

Як паведамлялася раней, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі разаслаў дзяржарганізацыям і зацікаўленым структурам ліст, у якім прапанаваў выказаць меркаванне аб неабходнасці стварэння ў Беларусі нацыянальнай установы па заахвочванні і абароне правоў чалавека, а таксама прапановы наконт найбольш прымальнай формы такой установы і асноўных пытанняў арганізацыі яе дзейнасці.

Танкачова лічыць, што ініцыятыва ўладаў стала рэакцыяй на прапановы праваабаронцаў, якія «правялі гэтае пытанне ва Універсальным перыядычным дакладзе ААН».

На яе думку, не трэба забываць аб тым, што абмеркаванне прапанавана ў той момант, калі адзін з вядучых праваабаронцаў Беларусі — Алесь Бяляцкі — знаходзіцца ў турме, а тыдзень таму было прынята рашэнне аб ліквідацыі праваабарончай інфармацыйна-асветнай установы «Платформа». «Мы звяртаем увагу на кантэкст, у якім адбываецца гэтае абмеркаванне — у краіне застаюцца палітзняволеныя. Мы маем справу з сітуацыяй пастаяннага і ўзрастаючага націску на прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый і канстатуем наяўнасць сістэмнай дзейнасці, накіраванай на відавочнае непрыняцце актыўнай праваабарончай пазіцыі», — заявіла Танкачова.

«Вельмі важна, у якім рэжыме будзе праведзены працэс абмеркавання гэтага праекта. Выбарачнае запрашэнне да гэтай размовы асобных арганізацый, якія не маюць дачынення да зместу гутаркі, з’яўляецца імітацыяй абмеркавання. На сёння нам не прадстаўлена ні канцэпцыя закона, ні сам праект закона. Адпаведна, вядучыя праваабарончыя арганізацыі Беларусі ўстрымліваюцца ад абмеркавання зместу мадэлей інстытута да тых пор, пакуль працэс абмеркавання не будзе адпавядаць дакладным дэмакратычным стандартам», — сказала Танкачова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?