У брытанскай штодзённай газеце The Evening Standard 17 кастрычніка апублікаваны фрагмент інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі ад 9 кастрычніка, у якім кіраўнік дзяржавы абяцае вызваліць журналістку Ірыну Халіп.

Карэспандэнт пацікавіўся ў Лукашэнкі, чаму Халіп не можа выехаць, напрыклад, на лячэнне ў Маскву, і кажа, што гатовы асабіста за яе паручыцца.

У адказ на гэта Лукашэнка заявіў: «А што, яна ў нас? Я думаў, яна ў Маскве.
Адпраўце сёння ж з вячэрнім канём з Жэням (журналіст Яўген Лебедзеў) Халіп. Забірайце і наогул яе больш сюды не прывозьце. Хай едзе.
Я першы раз чую, што яна не можа выехаць у Маскву падлячыцца. Я пра гэтага чалавека наогул нічога не магу гаварыць. Вы хочаце яе ў Маскву везці? Вязіце».

Журналіст нагадаў, што Халіп знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, і Лукашэнка звярнуўся да кагосьці са сваіх памочнікаў з просьбай удакладніць дэталі па справе Халіп. «Удакладніце, хто наогул гэтым займаецца з міліцыі ці хто там, і мне скажаце, — гаворыць Лукашэнка. — І мы вам арганізуем. Дый не ў Халіп справа. Я ўжо прыняў рашэнне. Бачыце, дыктатура таксама добрая. Ніводны прэзідэнт адразу не прыняў бы рашэнне, а я прыняў».

«Якое рашэнне?» — удакладняе Лебедзеў. На што Лукашэнка яму адказвае: «Ну, Халіп вы сёння павезяце замест жонкі дамоў ці куды там».

У інтэрв’ю расійскай «Новой газете», уласным карэспандэнтам якой у Мінску працуе Халіп, сама Ірына расказала, што 15 кастрычніка яна прыйшла адзначацца ў міліцыі і пацікавілася, ці сапраўды можа паехаць у Маскву.

«У міліцыі пасмяяліся і сказалі, што калі я паспрабую паехаць за мяжу, мяне адразу абвесцяць у вышук і вернуць у Мінск у наручніках, — сказала Халіп.
— Лукашэнка не зацікаўлены ў маім вызваленні. Гэтым летам мяне павінны былі амніставаць. Мае інспектары з ГУУС ужо падрыхтавалі дакументы для маёй амністыі, мы з імі жартавалі, што хутка расстанемся. Амністыю падпісала верхняя палата парламента, ніжняя, і калі для вызвалення заставалася атрымаць толькі подпіс прэзідэнта, мне абвясцілі, што юрыдычна я не маю права на амністыю».

Халіп таксама дадала: «Я добра разумею жаданне Лукашэнкі пакрасавацца перад журналістамі. Ён вельмі любіць прыгожыя жэсты. Але журналісты з’язджаюць, а зэк застаецца сядзець».

***

Нагадаем, у маі 2011 года Ірына Халіп была прызнана вінаватай ва ўдзеле ў масавых беспарадках пасля выбараў 19 снежня 2010 года і асуджана на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады. Яна не мае права пакідаць Мінск, абавязана кожны тыдзень адзначацца ў міліцыі і быць дома пасля 22.00. Адтэрміноўка завяршаецца 20 ліпеня наступнага года, пасля чаго справа Халіп будзе ў другі раз разгледжана ў судзе, які вырашыць, вызваліць яе, адправіць у турму ці пакінуць у тым жа статусе яшчэ на нейкі тэрмін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?