Журналістка Ірына Халіп называе правакацыяй заявы кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб сваім вызваленьні.

Пра тое, што яна можа свабодна выяжджаць зь Менску, Аляксандар Лукашэнка заявіў у інтэрвію журналістам брытанскай газэты The Evening Standard. Ірыну Халіп прызналі вінаватай і асудзілі на два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады за ўдзел у акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.

На пытаньне замежных журналістаў, чаму Ірына Халіп ня можа выехаць у Маскву, Аляксандар Лукашэнка выказаў зьдзіўленьне: ён, маўляў, ня ведае ні пра яе абмежаваньне на выезд, ні ўвогуле — дзе яна.
А затым кіраўнік краіны заявіў, што ён прыняў рашэньне і журналістка можа пакінуць Менск. Пра гэта Ірына Халіп даведалася ад саміх журналістаў, якія бралі інтэрвію: «Заходнія журналісты, як і расейскія, дарэчы, калі сустракаюцца з такой упэўненасьцю, то яны пачынаюць думаць: а можа, так і ёсьць? Журналісты, якія бралі гэтае інтэрвію ў Лукашэнкі на мінулым тыдні, яны адразу прыехалі да мяне і сказалі: усё, ты вольная — нам асабіста гэта было сказана. Я ім проста нагадала ўсе заявы Лукашэнкі адносна палітзьняволеных, што іх увогуле няма, і што ён ня ведае пра мой арышт, і шмат што іншае я ім прыгадала».

Загадчыца інспэкцыі выкананьня пакараньняў Партызанскага РУУС Менску Натальля Каляда адмовілася паведаміць, ці сапраўды ўмовы адбыцьця пакараньня для Ірыны Халіп зьмененыя:

«Мы ніякай інфармацыі ня можам вам даваць, і я ніякай інфармацыі вам ня дам».

У сваю чаргу, сама Ірына Халіп кажа, што, са словаў супрацоўнікаў міліцыі, у яе статусе ніякіх зьменаў не адбылося. Зробленыя кіраўніком краіны заявы пра скасаваньне пакараньня Ірына Халіп называе спробай правакацыі: «Мяне вельмі зьдзівіла, што чалавек спакойна і ўпэўнена спрабаваў сьцьвярджаць, што мяне няма ў Беларусі, што я ў Маскве, добра ведаючы, дзе я і што са мной. Таксама зьвярніце ўвагу, што некалькі разоў ім настойліва было сказана, маўляў, што ўжо сёньня ўвечары — забірайце, і няхай едзе ўжо сёньня ўвечары. Я магу расцаніць гэта як спробу правакацыі. Бо

калі б я была гэткай жа наіўнай, як брытанскія журналісты, то села б у цягнік, каб наведаць, да прыкладу, сваю рэдакцыю ў Маскве. А ў Воршы мяне б ужо чакалі».

Пра тое, што Лукашэнка адмыслова ўводзіць журналістаў у зман альбо некампэтэнтны ў прававых пытаньнях, кажа праваабаронца Уладзімер Лабковіч:

«Не вазьмуся даваць маральную ацэнку спадару Лукашэнку і ягоным заявам. Але яны, безумоўна, зробленыя альбо каб увесьці ў зман журналістаў, альбо гэтыя заявы элемэнтарна некампэтэнтныя. Бо

адносна Ірыны Халіп выкарыстаная такая форма пакараньня, як адтэрміноўка. Ёй быў прызначаны нагляд, і тое, што кажа Лукашэнка — абсалютна некампэтэнтна».

Час адтэрміноўкі прысуду аб двухгадовым зьняволеньні для Ірыны Халіп заканчваецца 20 ліпеня 2013 году. Яе справу паўторна перададуць у суд, які прыме рашэньне — вызваліць журналістку, накіраваць яе ў турму альбо пакінуць цяперашні статус яшчэ на няпэўны час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?