Паказаны ў Англіі спектакль беларускага «Свабоднага тэатра» «Быць Гаральдам Пінтэрам» атрымаў найвышэйшую адзнаку — пяць «зорак» — ад брытанскай газеты «Гардыян». Пра гэта паведаміў БелаПАН рэжысёр тэатра Уладзімір Шчэрбань.

Паводле яго слоў, творчасць калектыву была ацэнена пасля ўдзелу тэатра ў канферэнцыі «Мастак і Грамадзянін», прысвечанай 50‑годдзю творчай дзейнасці Гаральда Пінтэра — англійскага драматурга, лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры. Падчас канферэнцыі, што праходзіла з 11 па 15 красавіка ў англійскім Лідсе, і быў паказаны спектакль «Быць Гаральдам Пінтэрам». Ён пастаўлены паводле чатырох невялікіх п’ес Г.Пінтэра, фрагментаў яго нобелеўскай прамовы, а таксама адрыўкаў з лістоў тых, хто быў затрыманы ў Мінску ў сакавіку 2006 года пасля масавых маніфестацый на Кастрычніцкай плошчы. Такая ацэнка спектакля, паводле слоў рэжысёра тэатра, «вельмі прыемная, бо Англія лічыцца калыскай драматургіі».

Як зазначыў У.Шчэрбань, пасля паказу спектакля Г.Пінтер узяў удзел у дыскусіі, што тычылася не толькі пастаноўкі, але і сацыяльна‑палітычнай сітуацыі ў Беларусі. «Было прыемна, што на спектакль «Свабоднага тэатра» прыехалі гледачы з усёй Англіі, — сказаў рэжысёр, — а прадстаўляў пастаноўку апякун тэатра, вядомы англійскі драматург Том Стопард».

Спектаклі «Свабоднага тэатра» ў Беларусі праходзяць падпольна. Калектыў не мае ні ўласнай сцэны, ні памяшкання для рэпетыцый, ні фінансавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?