19 красавіка — Дзень галакосту, які адзначаюць у розных краінах сьвету ў памяць аб шасьці мільёнах габрэяў, ахвярах нацызму. Учора Надзвычайны і паўнамоцны пасол Ізраілю ў Беларусі Зэеў Бэн‑Ар’е ўручыў сем новых дыплёмаў Праведнікаў народаў сьвету беларусам, якія ратавалі габрэяў у вайну.

Ізраільскі мэмарыяльны інстытут катастрофы і гераізму эўрапейскага габрэйства «Яд Вашэм» штогоду прысуджае тытул Праведнік сьвету людзям розных нацыянальнасьцяў. Ганаруюць тых, хто рызыкаваў жыцьцём, ратуючы габрэяў ад нацысцкага генацыду.

«Хто выратуе адно жыцьцё, той выратуе сьвет» — напісана на мэдалі. Ганаровыя дыплёмы й мэдалі ўручыў Надзвычайны і паўнамоцны пасол Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Зэеў Бэн‑Ар’е.

«Гэта, можа быць, самая важная і самая ганаровая цырымонія й самы пачэсны абавязак, які выпадае на долю ізраільскага дыплямата. Мы ўганароўваем праведнікаў у Беларусі ўжо ня першы раз.

Але як толькі разгортваеш гэты дыплём, у якім ёсьць яшчэ гісторыя выратаваньня, калі яе чытаеш, кожны раз разумееш, што гаворка ідзе пра штосьці сьвятое, чаго нельга выказаць словамі».

Сёлета дыплёмы й мэдалі ўручылі нашчадкам праведнікаў, бо час няўмольны — амаль усім ганаровае званьне праведніка надалі пасьмяротна.

На ўрачыстай цырымоніі сама прысутнічала толькі 80‑гадовая Станіслава Салянік. Яе сям’я ў вайну выратавала чатырохгадовага хлопчыка Толю Жылінскага. Хлопчык трапіў у Менскае гета са сваімі роднымі, але яму пашанцавала выйсьці адтуль.

Распавядае Станіслава Салянік:

«Я ў гета шукала лекара, у мяне цяжка хварэла сястра. Там пазнаёмілася зь Бертай Майсееўнай — цёткай Толі... Потым Анатоль скончыў вайсковую вучэльню. Яшчэ калі ад’яжджаў, прыйшоў да мяне, заплакаў, і мы разьвіталіся. Пасьля я яго ня бачыла, думала, што ён у Ізраілі. Аказалася, што ён тут».

Супрацоўніца Ізраільскага інфармацыйна‑культурнага цэнтру Марына Шэдзікава некалі сустракалася зь сястрой Станіславы Салянік Таісіяй.

«Калі я размаўляла з Таісай Салянік, я задала толькі адно пытаньне: «Як вы не баяліся надзець лату і заходзіць у Менскае гета, і праносіць харчы для сям’і Брук? Таісе падчас вайны было 14 гадоў. І яна мне адказала: «Але камусьці ж трэба было іх ратаваць», — згадала Марына Шэдзікава.

Цылю Рубінчык, якая прысутнічала на цырымоніі ганараваньня Праведнікаў сьвету, выратавалі Аляксандра Скрыпко і Марыя Дыбаль.

У кастрычніку 1941 году падчас масавых расстрэлаў габрэяў у пасёлку Сьвіслач уся сям’я Цылі загінула. Дзяўчынка цудам выбралася зь ямы. І са сьнежня 1941 году да канца вайны Цылю хавала сям’я Скрыпко.

Распавядае Цыля Рубінчык:

«Мяне прынялі як родную, і дзядуля, і Маня, і Саша. Гэта была мая сям’я. Я ім вельмі ўдзячная. Гэта былі сапраўдныя высакародныя людзі, не баяліся нічога. Да нас прыходзілі розныя людзі — і партызаны, і паліцаі, і немцы, але яны мяне хавалі, нікуды не адпускалі. І дагэтуль гэта мая сям’я».

Цяпер ужо 515 беларусаў уганаравалі дыплёмамі й мэдалямі Праведнікаў сьвету. Але жывых засталося толькі каля пяцідзесяці чалавек.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0