Прычым не толькі і не столькі аднаму канкрэтна ўзятаму чалавеку, а ўсёй — і хай адэпты постмадэрнізму даруюць мне высокія словы — незалежнай беларускай культуры. На нашых вачах мэтаскіравана і метадычна рэалізуецца план знішчэння як часопіса Arche, так і незалежнага беларускага кнігавыдання, якое вось ужо шмат гадоў атаясамліваецца менавіта з Булгакавым.

«Справай Булгакава» заняліся падатковая, ДФР і сумныя грамадзяне з КДБ.
У выніку, у дачыненні Arche праводзіцца цэлы комплекс мерапрыемстваў — праслушка тэлефонаў, ператрус, выклікі для дачы тлумачэнняў… Арыштаваны рахунак выдання.
Карацей, капаюць сур’ёзна, не па-дзіцячы.

Не трэба быць Настрадамусам, каб прадказаць які ў гісторыі, што развіваецца такімі тэмпамі, павінен быць лагічны канец… Дык вось, калі таварышы, якія звыкла ўзялі след, з бальшавіцкім запалам такі давядуць справу да гэтага самага лагічнага канца, гэта можа дэматэрыялізаваць цэлы пласт незалежнай беларускай культуры. Бо

Валер Булгакаў займаўся тым, чым па сутнасці павінна займацца нармальнае Міністэрства культуры нармальнай краіны. Дзякуючы яму, даступнымі сталі рарытэтныя рэчы, напрыклад, слоўнікі беларускіх дыялектаў, пераклады на беларускую мову твораў замежных аўтараў, працы несавецкіх і канфіскаваных у савецкі час з афіцыйнага звароту аўтараў…

Здавалася б,

якая пагроза асабіста Аляксандру Лукашэнку (ды не будзем згадваць дарэмна імя яго, бо артыкулаў 367 і 368 Крымінальнага Кодэксу РБ ніхто не адмяняў) ад кнігі «Беларускія гаворкі ў Краслаўскім раёне Латвіі»?
Ды такая ж, як ад такіх абсалютна розных культурных з’яў, як «Свабодны тэатр» ці рок-гурт «Ляпіс Трубяцкой»!
Талент у РБ павінен нават не служыць, а сціпла прыслужваць. Талент павінен ведаць сваё месца.
Талент павінен быць удзячны асабіста Лукашэнка А.Г (ды не будзе згадваць дарэмна імя яго, бо артыкула 367 і 368 Крымінальнага Кодэксу РБ ніхто не адмяняў).

І тады ён можа выдаваць слоўнікі і часопісы, ставіць пастаноўкі і пісаць песні.

Булгакаў хацеў быць «сам па сабе». Хацеў выдаваць тое, што лічыць патрэбным і важным. Казаў тое, што думаў, не баяўся дзяліцца сваімі думкамі з навакольнымі.

І, што самае непрыемнае для ўлады, рабіў гэта прафесійна, рабіў гэта цікава і таму ён стаў рэальнай альтэрнатывай калгаснаму псеўдапанку ў выкананні генерала Чаргінца і таварыша Гігіна.

У наш час гэтага дастаткова, каб быць вінаватым.

Я ведаю, што зараз з’явіцца вельмі шмат грамадзян, якія спецыяльна ці па душэўнай наіўнасці будуць разважаць, маўляў, «артыкул эканамічны», дзейнічаць «трэба асцярожней» і «разумней», і такім вось чынам плаўна падвядуць лагічны шэраг да сакраментальнае «сам вінаваты».

Бяда толькі ў тым, што, як правіла, гэтыя разумныя і прадуманыя грамадзяне не выдавалі кніг і не распаўсюджвалі іх ва ўмовах лукашэнкаўскай рэчаіснасці. А калі хтосьці і здольны на такія цуды, то, ведаючы дзікія ўмовы, у якія пастаўлена ў РБ выдавецкая дзейнасць, асуджаць Булгакава і Arche ён не будзе.

Сумна назіраць, як чарговы круты і самабытны праект утоптваецца ў бруд і ўсімі сіламі выштурхваецца за межы Рэспублікі Беларусь.

Аптымізму ў гэтую гісторыю дадае толькі наступны факт.

Сёння стала вядома, што аўтарытэтны амерыканскі часопіс Newsweek спыняе існаванне ў друкаваным выглядзе. Апошні нумар выйдзе ў свет 31 снежня 2012 года. Прычыны гэтага, вядома ж, абсалютна iншыя, чым у выпадку з Arche. Newsweek добраахвотна пераходзіць у шэраг інтэрнэт-СМІ. Яго кіраўніцтва лічыць, што друкаваныя выданні асуджаныя на выміранне і канцэнтруе свае сілы на развіцці інтэрнэт-версіі.

Сёння ў Беларусі менавіта інтэрнэт з’яўляецца альтэрнатывай зачышчанай да казармавай шэрасці беларускай медыя-рэчаіснасці.

Там ёсць месца і для Arche.

Рэдакцыі часопіса засталося толькі ўлічыць асаблівасці сеціва, узяць на ўзбраенне ўсе навамодныя і прасунутыя інтэрнетаўскія know-how і развіць Аrche.by у паўнавартасную культурна-філасофскую пляцоўку, а пазней, цынічна выкарыстоўваючы скандал звязаны з вайной уладаў супраць рэальнага Arche, «раскруціць» яе.

Задача складаная, але абсалютна рэальная. І, як мне здаецца, гэта адзіная магчымасць выратаваць Arche.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?