Адзін Кароль страшна любіў пісаць. Не важна, што: вершы або прозу. Не істотна, чым: алоўкам, асадкаю, друкаваць на машынцы, набіраць тэкст на камп’ютары — усё адно!
Каралю падабаўся сам працэс. Таму аловак ён вастрыў адмыслова, чарніла і паперу набываў найлепшыя. На друкавальнай машынцы грукацеў так, што асобам, набліжаным да каралеўскага двара, вушы закладала. Калі ж стаў карыстацца камп’ютарам, электрасетка не вытрымлівала яго жарсці і ў замку выбівала ўсе чыста засцерагальнікі.
Створанае ўпартай працай Кароль беражліва складаў у шматлікія шуфлядкі вялізнага пісьмовага стала.
Калі ж здараўся ў яго кепскі настрой, даставаў напісанае і цешыўся як дзіця. Аднак пільнаваў, каб старонняе вока не ўгледзела, што ж ён там піша — быў не вельмі ўпэўнены ў сваёй творчасці і бянтэжыўся называцца пісьменнікам.

Але аднойчы, калі каралеўскі замак у чарговы раз застаўся без святла, Каралю давялося ісці ў суседні пакой па свечкі. Нешта ён там забавіўся даўжэй, чым трэба. Калі ж вярнуўся ў кабінет, электрычнасць ужо ўлучылі: каралеўскія электрыкі добра ведалі, як дзейнічае на электрасетку каралеўскае натхненне і заўсёды былі гатовыя да надзвычайных выпадкаў.

Дык вось, Кароль крыху забавіўся ў суседнім пакоі. А якраз у гэты момант без папярэдняга даклада ў каралеўскі кабінет зайшоў Міністр, адказны за гадоўлю каралеўскіх парсючкоў. Ён трымаў у руках лісты, спісаныя Яго Вялікасцю — і слёзы замілавання ручаямі цяклі па яго ружовым твары.

Кароль не паспеў угневацца на тое, што ходзяць тут без дазволу розныя, чытаюць тое, што ім не належыць. Міністр апярэдзіў Караля! Прыціснуўшы да грудзей паперы, ён кінуўся насустрач і загаласіў:

— Ваша Вялікасць! Нельга, нельга так абыходзіцца са сваім народам! Нельга так абкрадаць сваіх падданых! Нельга губіць асвету ў нашым краі!
Каралю непамысна зрабілася — ён ад разгубленасці скеміць не мог, што ж такое ён утварыў: ці не той дзяржаве чарговую вайну абвясціў, ці не з той памірыўся.
— Кароль не павінен хаваць гэтыя шэдэўры, гэты цуд генія ад свету!
— выгукнуў Міністр і бухнуўся Каралю ў ногі разам з рукапісам, на якім буйнымі літарамі было выведзена «ПАКУТЫ КАХАННЯ».

Кароль пачухаў патыліцу, ссунуў карону набок. Прыемнасць разлілася па ўсім яго целе і асела чырванню на запунсавелых шчоках: ён урэшце зразумеў, што гаворка вядзеецца пра яго творчасць! Манарх нават расхваляваўся, бо дагэтуль не ведаў, як хораша, калі тваю творчасць хваляць.

— Дык вам, шаноўны Міністр, ГЭТА падабаецца? — на ўсялякі выпадак перапытаў Кароль.

— Нічога лепшага ў сваім жыцці не чытаў! — запэўніў Міністр.

Па шчырасці, усё сваё жыццё ён чытаў і перачытваў толькі адну кнігу — «Дапаможнік у гадоўлі парсючкоў» — і ведаў яе ўжо назубок.
Але ніхто яго гэтым не папікаў — не пра Міністра ж культуры гаворка! Тым больш што зацятае вывучэнне адзінага, але найбольш поўнага дапаможніка толькі спрыяла росту свінагадоўлі ў каралеўстве.

— Калі ж мой Кароль мне не верыць, хадземце да прыдворных дамаў. Няхай яны паслухаюць і ацэняць вершы! — працягваў захоплены Міністр і рынуўся ў тронную залу, дзе бавіліся дамы ў чаканні свайго валадара.

Міністр з парога абвясціў:

— Кароль, наш правіцель, піша найлепшыя ў свеце вершы! Слухайце, падданыя, з цудоўнейшай кнігі «Пакуты кахання»!

Я цібя ўвідзел і знямеў,
Сэрца стала частачаста біцца.
Як, скажы, мне жыць далей,
Мо пайсці і з гора ўтапіцца?

Канечне ж, знаўца адразу скеміць, што ў гэтых вершаваных радках паэзіі ні на грош, багата памылак. Трэба было пісаць «цябе» і «ўбачыў», гэта відавочна. Але ж хто рашыцца ўказваць на памылкі самому Каралю? Тым больш што дамы, пачуўшы вершы пра каханне, напісаныя каралём, самотным удаўцом, адразу ж кінуліся разгадваць, ці не адна з іх дама каралеўскага сэрца.

Я ў цябе ўлюбіўся,
Пра ўсё на свеце забыўся.
Цяпер раву як бялуга,
Што мы не відзім друг друга…

— дэкламаваў Міністр далей, і прыдворныя дамы ажно стагналі. Гэтае «з гора ўтапіцца» і «раву як бялуга» натхняла і ясна паказвала, што і каралеўскай асобе ўласцівы самыя звычайныя чалавечыя пачуцці. А памылкі — ат, дробязь! — толькі набліжалі Караля да простага народа.

А-аа! — млелі ад захаплення дамы, грымелі апладысменты, а Кароль, які дагэтуль хаваўся за дзвярыма, выйшаў да ўдзячнай аўдыторыі і, трошкі збянтэжаны, кланяўся направа і налева.

Пасля такога ашаламляльнага дэбюту Радай каралеўскіх міністраў было вырашана выдаць Збор твораў Яго Вялікасці.
А што там лічыцца! Паперы ў каралеўстве хоць гаць гаці, друкарні — свае, мастакі — прыдворныя, зараз аздобяць кнігі. Трэба толькі прыдумаць, хто будзе апекавацца іх выданнем, стане Міністрам прыгожага пісьменства. Прызначылі — і гэта зразумела — Міністра па гадоўлі парсючкоў: адкрыццё каралеўскіх шэдэўраў належала яму.
Перайшоўшы са свінарніка на новую пасаду, Міністр так шчыра ўзяўся за працу, што пыл клубеў зпад ягоных ног.
Вялікі наклад Першага збору каралеўскіх твораў ён хуценька ўладкаваў ва ўсе хаты каралеўства, збыў за адзін дзень — і Кароль канчаткова ўвераваў у геній свайго пісьменніцкага таленту.

Міністра тут жа ўзнагародзілі Залатым гарбузом — найвышэйшым знакам каралеўскай прыхільнасці. Да таго ж з проста Міністра прыгожага пісьменства перавялі на пасаду Першага.

З таго часу і пайшло-паехала. Ахвотныя прасунуцца па службе адразу скемілі, што трэба хваліць творы Караля — гэта відавочна паскарала службовы рост.
І вось праз некаторы час ва ўсёй дзяржаве не засталося ніякіх кніг, апроч тых, што напісаў кароль: каб не было з чым іх параўноўваць, іншыя проста знішчалі.

Міністры і прыдворныя, дзеці ў школах і дарослыя на службе, гараджане і вяскоўцы чыталі каралеўскія творы. Да ўсяго, на знак захаплення імі пры сустрэчы падданыя каралеўства мусілі вітацца рохканнем: такі быў выдадзены загад. Першы міністр цешыўся гэтай прыдумцы, рохканне лашчыла яго слых — згадаем, што службу сваю ён пачынаў на свінарніку.

Так мінаў год за годам. Кароль шчыра верыў у тое, што казалі служкі, і таму пісаў з усё большай жарсцю. Раслі наклады яго кніг, а ў падданых ад бесперастаннага рохкання спачатку пачалі адрастаць лычыкі, а з часам з’явіліся і пакручастыя хвосцікі. А пасля і хадзіць яны сталі на кукішках, сагнуўшыся — так зручней было рохкаць…

Неяк Каралю захацелася паглядзець, што дзеецца ў яго землях. Ён сеў на каня і выправіўся ў вандроўку па каралеўстве адзін: ён лічыў, што самота спрыяе філасофскім роздумам. Яго Вялікасць дзівіўся вялізарнай колькасці свіней, якіх сустракаў паўсюль, куды б ні прыехаў. Да таго ж свінні гэтыя былі незвычайнай пароды, бо вонкава крыху нагадвалі людзей.

Што за дзіва? Кароль шукаў, з кім пагаварыць пра гэта, перакінуцца словам — але адусюль да яго даносілася толькі рохканне.

Кароль спешыўся, сеў на вялізны валун пры дарозе і стаў думаць, што б магло ўсё гэта значыць.

Кажуць, да гэтай пары сядзіць, думае.

Свінні ж тым часам рыюць зямлю лычамі, каб задуменнаму Каралю як мага даходлівей сваю прыхільнасць выказаць, і землі каралеўства ўсё больш становяцца падобнымі да суцэльнай раллі.

Першы Міністр налюбавацца не можа на Залаты гарбуз і не маркоціцца, што даўно не чуў чалавечай гаворкі: паўсюднае свінячае рохканне для яго і ёсць паказчык пашырэння асветы ў тым каралеўстве.

***

    Алена Масла нарадзілася ў 1967 года ў вёсцы Мілашова Мёрскага раёна Віцебскае вобласці ў сям’і настаўнікаў-філолагаў. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ (1989).

    Піша казкі. Аўтар кніг «Рождество у крёстной» (2005), «Таямніца закінутай хаты» (2005), «Вандроўка з божымі кароўкамі» (2007),:«Першая прыгажуня» (2010), «Як пані Чаротная на госці ў Палангу бегала» (2010); аўтар шэрагу публікацый па праблемах дзіцячай літаратуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?