Расійскі тэлеканал РТР некалькі дзён таму распаўсюдзіў інфармацыю, што старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька атрымліваў у 2005 ад Гіга Бакерыі (на той час дэпутат парламента) 4 мільёны даляраў на змаганне за дэмакратыю ў Беларусі.
Камітэт дзяржаўнай бяспекі паабяцаў правесці праверку гэтай інфармацыі. «Міласці просім, няхай прыходзяць і КДБ, і МУС, і падаткавая, — кажа Анатоль Лябедзька. — Нядрэнна было б перад пачаткам міфічных грузінскіх грошай вярнуць мне абсалютна рэальныя, што былі канфіскаваныя 19 снежня 2010».
Падчас ператрусу на кватэры палітыка супрацоўнікі КДБ знайшлі і канфіскавалі 12 тысяч даляраў — гэта асабістыя грошы палітыка. «Ёсць пастанова, што крымінальная справа спыненая і мне мусяць вярнуць грошы і носьбіты і інфармацыі. Але гэта пастанова не выконваецца. КДБ маўчыць, а суды не хочуць прымаць справу да разгляду».
Разам з тым, Лябедзька кажа, што «грузінскія грошы» цікавілі спецслужбы яшчэ ў 2006 і 2010 гадах. «Калі б у мяне былі тыя грошы, то я б тут не хадзіў і не размаўляў з вамі. Мяне б даўно прыцягнулі да адказнасці», — кажа сп. Анатоль.

Таксама старшыня АГП звяртае ўвагу на той факт, што КДБ не рэагуе на словы Аляксандра Лукашэнкі з апошняй прэс-канферэнцыі, дзе кіраўнік краіны прызнаўся, што яму прапаноўвалі хабар у 5 мільярдаў даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?