Сталічныя ўлады не маюць намеру ўводзіць забарону на продаж піва ў летніх кафэ. Як паведаміў 19 красавіка на прэс‑канферэнцыі ў Мінску генеральны дырэктар ААТ «Піўзавод «Аліварыя» Мікалай Дудко, па гэтым пытанні, паводле яго інфармацыі, «прынята станоўчае рашэнне».

Нагадаем, на пачатку красавіка шэраг СМІ распаўсюдзілі інфармацыю аб забароне ў сталіцы продажу піва ў летніх кафэ і на вынасных латках. Яны спасылаліся на прапанову старшыні Мінгарвыканкама Міхаіла Паўлава, што прагучала 2 красавіка на аператыўнай нарадзе. Кіраўнік сталічнай адміністрацыі заявіў, што вулічны гандаль у Мінску ўжо перавялі ў разрад цывілізаванага, тое ж самае варта зрабіць з гандлем півам. М.Паўлаў нібыта прапанаваў не даваць дазвол на продаж гэтага напою ў цэнтры горада ў палатках, вулічных кафэ і на вынасных латках.

На думку М.Дудко, «гэта не была адназначная забарона, як яе ўспрыняла прэса і грамадскасць, — было ўзнята пытанне, наколькі гэта важна для жыхароў горада і наколькі гэта карысна і зручна». «Было пастаўлена пытанне аб тым, каб узровень абслугоўвання ў гэтых пунктах быў цывілізаваным», — сказаў М.Дудко.

Ён таксама зазначыў, што прадпрыемству ў набліжэйшы час будзе цяжка прагназаваць павелічэнне долі ў сегменце рынку, а таксама павелічэнне аб’ёмаў продажу «ў сувязі з прыняццем закона аб рэкламе, што тычыцца, у прыватнасці, абмежаванняў рэкламы піва», а таксама ў сувязі з разглядам парламентам прапаноў «па забароне продажу піва праз дробнарознічную сетку».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?