18 кастрычніка супрацоўнікі мінскай міліцыі затрымалі збытчыкаў псіхатропных рэчываў. Маладыя людзі прадавалі свой тавар прама на стадыёне аднаго са сталічных каледжаў.
Іх патэнцыяльнымі пакупнікамі павінны былі стаць студэнты і падлеткі.

Як паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама, 18 кастрычніка ў 16.40 падчас правядзення заключнай стадыі комплексу аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікамі ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі (УНІСГЛ) ГУУС і Ленінскага РУУС пры сілавой падтрымцы байцоў міліцэйскага спецназа былі затрыманы двое маладых непрацуючых мінчан. Пры асабістым аглядзе ў іх знайшлі 68 падрыхтаваных для рэалізацыі пакецікаў з псіхатропам.

Першапачаткова аператыўнікам УНІСГЛ ГУУС паступіла інфармацыя аб тым, што двое маладых людзей арганізавалі сетку па распаўсюджванні спайсу. Сярод іх кліентаў былі студэнты і падлеткі.

Пры праверцы атрыманая інфармацыя пацвердзілася. Аператыўнікі высветлілі, што ў гандляроў ужо сфарміравалася пэўнае кола пастаянных кліентаў. Прычым гэта сетка перыядычна папаўнялася сябрамі і знаёмымі ўжо наяўных спажыўцоў. Апошнім часам прадаўцы спайсу імкнуліся пашырыць маштабы распаўсюджвання і прапрацоўвалі магчымасці размяшчэння адпаведным чынам заканспіраваных аб’яў у сацыяльных сетках інтэрнэту.

Збытчыкаў затрымалі з доказамі злачынства. У пэўны час яны прыбылі на прывычнае месца — стадыён аднаго з мінскіх каледжаў. Пасля затрымання падчас асабістага агляду ў аднаго з маладых людзей быў знойдзены і канфіскаваны 61 пакецік, у другога — 7 пакецікаў. Кожны пакецік масай 0,6 грама прадаваўся па 150 тысяч рублёў. Паводле заключэння экспертаў, канфіскаваныя сумесі адносяцца да катэгорыі асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў.

Затрыманыя змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. У дачыненні да іх распачата справа паводле ч. 3 арт. 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў). Крымінальнае заканадаўства Беларусі прадугледжвае пакаранне па гэтым артыкуле ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам ад 8 да 12 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?