Пасьля 1400 гадоў дзейнасьці заняпаў найстарэйшы ў сьвеце сямейны бізнэс — японская будаўнічая фірма «Kongo Gumi», якая галоўным чынам спэцыялізавалася на будаўніцтве будыйскіх сьвятыняў.

Асновай посьпеху і трываласьці «Kongo Gumi» была стабільнасьць галіны, у якой яна працавала, — рэлігія з больш як дзьвюхтысячагадовай гісторыяй і сотнямі мільёнаў вернікаў. Але з 1998 году справы пайшлі горай, і ў 2006‑м «Kongo Gumi» ўжо мела 343 млн. даляраў запазычанасьці.

Сямейныя фірмы забясьпечваюць працай палову працаўнікоў на сьвеце, а таксама вырабляюць больш за палову сусьветнага сукупнага ўнутранага прадукту. На сёньня ў сьвеце існуе больш за сто сямейных фірмаў, старэйшых за 200 гадоў. Шмат якія сямейныя бізнэсы — гэта прадпрыемствы вялікіх памераў, такія, напрыклад, як найвялікшая ў сьвеце сетка розьнічных крамаў «Wal‑Mart».

Вольга Данішэвіч паводле gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0