Папярэднія двое дэбатаў скончыліся нічыёй, хоць і з невялічкай перавагай Ромні. У першых дэбатах Абама выглядаў проста ніяк: цяжка сабе ўявіць, што гэты чалавек кіраваў супердзяржавай на працягу 4 гадоў. У той жа момант Ромні паводзіў сябе ўпэўнена і яскрава.

На другіх дэбатах кандыдат рэспубліканцаў захаваў сваю харызму, але вярнуўся Абама, які вядомы па кампаніі-2008: упэўнены дэмакратычны лідэр, які ўмее размаўляць з людзьмі пра іх праблемы.

Па выніках дэбатаў з невялічкім адрывам перамагае Ромні. У сацыялагічных апытаннях усё нааварот: праўдападобна, што амерыканцы пераабяруць Абаму.

Абамаманія працягваецца

Эканамічныя вынікі першага тэрміну Абамы цяжка назваць паспяховымі. Прэзідэнт, які абяцаў зменшыць 8-трыльённую запазычанасць ЗША у два разы, яе ў два разы павялічыў. Амерыканская эканоміка знаходзіцца ў глыбокім крызісе. З іншага боку, у часы крызісу Абама шмат увагі прысвяціў сацыяльнай бяспецы. Напэўна, амерыканцы яму за гэта ўдзячныя

Адначасова варта адзначыць выдатную працу палітычных маркетолагаў Абамы. Створаны імі вобраз дагэтуль працуе. Варта ўзгадаць, што за ўсяго толькі крытыку амерыканскіх войнаў Абама атрымаў Нобелеўскую прэмію міру. Ахвяры налётаў амерыканскіх беспілотнікаў дакладна не пагадзілся б з Нобелеўскім камітэтам.

Абама палепшыў імідж ЗША ў свеце. Штаты адмовіліся ад ролі глабальнага лідара, што шмат каму спадабалася. Аднак саюзнікі ЗША, асабліва ва Ўсходняй Еўропе, не вельмі ўзрадаваліся гэтаму факту. Яны сёння задаюць пытанне: ці добра, што Штаты не хочуць быць лідарам? Бо ж гэта азначае павышэнне ролі такіх недэмакратычных рэгіянальных дзяржаваў, як Расія ці Кітай. Калі гэтыя дзяржавы мала чаго добрага прыносяць сваім грамадзянам, то што яны прынясуць свету?

Ромні ў замежнай палітыцы — супрацьлегласць Абамы. Ён прыхільнік актыўнай падтрымкі дэмакратыі і сваіх партнёраў ва ўсім свеце. Калі ён прыйдзе да ўлады, то хутчэйшае вырашэнне сірыйскага канфлікту ці атака на атамныя аб’екты Ірану становяцца вельмі рэальнымі. Шмат амерыканцаў гэтага пабойваюцца. Хоць удзел наземных войскаў у падобных аперацыях выключаны — яшчэ адной наземнай вайны амерыканцы сваім палітыкам не даруюць.

Пастка для Ромні

Для таго, каб выйграць выбары ў Абамы, рэспубліканцам абавязкова трэба рухацца ў цэнтр палітычнага поля. Але тут Ромні трапіў у пастку, спрабуючы спадабацца адначасова і свайму цвёрдаму электарату, і расчараваным Абамам цэнтрыстаў. У выніку Ромні некалькі разоў мяняў свае падыходы ў часе кампаніі, што адбілася на ягонай верагоднасці. Выглядае на тое, што амерыканцы дагэтуль не зразумелі эканамічнага плана Ромні.

Штаб Абамы таксама нанёс моцны ўдар па кандыдаце рэспубліканцаў, калі апублікаваў аўдыёзапіс, на якім Ромні прызнаецца, што не разлічвае на падтрымку 47% амерыканцаў, якія атрымліваюць дапамогі і выплаты ад дзяржавы. Згодна з логікай Ромні гэтыя людзі залежныя ад дзяржавы і не будуць галасаваць за прадстаўніка бізнесу. Пагарда да такой вялікай колькасці сваіх грамадзян наўрад ці дапаможа ў барацьбе з левацэнтрыстам Абамам.

Ромні — добры кансэрватыўны лідар і ідэйны капіталіст, але час сведчыць, што амерыканцы становяцца ўсё больш «левымі». Выбары ўжо праз 2 тыдні, і Абама пачувае сябе даволі спакойна. Ромні неабходна сёння шыкоўная перамога.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?