Пры Інстытуце генетыкі і цыталогіі НАНБ створаны спецыяльны палігон для выпрабавання трансгенных бульбы і лёну, заявіла намеснік дырэктара па навуковай працы інстытута Валянціна Лемеш 23 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў, палігон знаходзіцца на вуліцы Скарыны на біялагічным доследным полі, яго плошча 0,3 га. На палігоне створаны ўсе ўмовы для вырошчвання трансгенных раслін. Закуплены спецыяльная сельгастэхніка і лабараторнае абсталяванне, якія будуць выкарыстаны толькі пры выпрабаванні гэтых раслін.

Як паведаміла Лемеш, палігон агароджаны двухметровай бетоннай сцяной, поле аснашчана відэакамерамі і сігналізацыяй. Прадугледжаны маніторынг асяроддзя вакол палігона. Назіранне будзе весціся за насякомымі і раслінамі ў радыусе 300–500 метраў вакол палігона.

Лемеш падкрэсліла, што праект стварэння палігона адпавядае ўсім міжнародным стандартам.

Зараз рыхтуецца пашпарт трансгеннага поля. Адначасова вучоныя атрымалі пярвічныя трансгенныя расліны бульбы: з павышанай устойлівасцю да каларадскага жука і захворванняў. Таксама створаны трансгенны лён-даўгунец з устойлівасцю да гербіцыду гліфасату.

Прадстаўнік НАНБ не змагла сказаць, калі генна-мадыфікаваныя расліны могуць паступіць у вытворчасць. Спачатку генна-мадыфікаванае насенне павінна прайсці выпрабаванні на біябяспеку, затым у выпадку іх паспяховага завяршэння як мінімум два гады выконваюцца дзяржгатункавыпрабаванні, зазначыла яна.

Палігон для выпрабавання трансгенных бульбы і лёну будзе другім у Беларусі такім аб’ектам. Першы палігон некалькі гадоў таму быў створаны ў Цэнтральным батанічным садзе. На ім вырошчваюць генна-мадыфікаваныя расліны журавін і буякоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?