Тэлеканал ВВС2 пакажа сёньня дакумэнтальны фільм, у якім расказваецца пра ролю савецкіх паветраных сіл у прадухіленьні распаўсюджваньня радыеактыўнага забруджваньня на тэрыторыю Расеі пасьля выбуху на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе.

The Sunday Telegraph цытуе інтэрвію з маёрам савецкіх ВВС Аляксеем Грушыным, які расказаў брытанскім дакумэнталістам, як у 1986‑м годзе ўдзельнічаў у апэрацыі, мэтай якой было стварэньне штучных ападкаў над раёнам Чарнобылю, каб «змыць» радыеактыўныя часьціцы і ня даць ім распаўсюдзіцца ў бок буйных населеных пунктаў — перш за ўсё ў бок Масквы.

Лётчыкі распылялі над Чарнобылем ёдыд срэбра (AgJ), што прыводзіла да ўтварэньня ў паветры буйных кропляў вады, якія выпадалі дажджом. Аўтары фільму адзначаюць, што дзеля выратаваньня сталіцы СССР ад радыеактыўных ападкаў ахвяравалі больш як 4000 квадратных міляў тэрыторыі Беларусі.

«Вецер дзьмуў з захаду на ўсход, — згадвае Грушын, — і радыеактыўныя аблокі маглі дасягнуць Масквы, Варонежу, Ніжняга Ноўгараду, Яраслаўлю. Калі б дождж прайшоў над гэтымі гарадамі, гэта было б катастрофай для мільёнаў. Раён, дзе мая каманда ўзьдзейнічала на аблокі, знаходзіцца побач з Чарнобылем — ня толькі ў 30‑кілямэтровай зоне, але і на адлегласьці 50, 70 і нават 100 км».

Як адзначае The Sunday Telegraph, у Крамлі заўжды адмаўлялі, што над Беларусьсю ствараліся штучныя дажджы пасьля Чарнобыльскай катастрофы. Але летась, калі адзначалася 20‑годзьдзе катастрофы, Аляксей Грушын апынуўся адным з тых, хто знайшоў у сабе мужнасьць расказаць праўду. Ён таксама кажа пра тое, што за сваю працу атрымаў дзяржаўную ўзнагароду.

Жыхары Гомелю памятаюць, як неўзабаве пасьля выбуху ў Чарнобылі на горад праліўся «чорны дождж». Сёньня вядома, што гэты дождж быў радыеактыўным і створаным штучна.

Newsru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0