Анатоль Сыс.

Анатоль Сыс.

Надмагілле Сыса ў Гарошкаве.

Надмагілле Сыса ў Гарошкаве.

Можна забіць, і спапяліць,
і прах пусціць на вецер,
а потым людзям абвясціць,
што ён не варты смецця.

Але нябесныя вятры
Ягоны прах па свеце
збяруць, як семя ў макатры,
жывой вадой асвенцяць.

I ўратаваны, з неба Дух
зноў сыдзе чалавекам,
зноў будзе жыць сярод падлюг
ды іх марыянетак.

Ён бажавоўкам праслыве,
прыблудным патарочам,
ніхто яго не праміне,
не плюнуць каб у вочы.

Плююць. Свае і ганакі,
са смехам, без прынукі,
і Духу гэныя пляўкі
страшней за яд гадзюкі.

Ды зганьбаваны сотні раз,
знявечаны натоўпам,
Ён прыйдзе ў самы горшы час
сваім адвечным тропам

да тых, хто выплюнуў душу,
хто ў паднябесных храмах
блюзнерствам замяніў імшу,
а Святароў на Хамаў.

* * *

Анатоль Сыс — адзін з найярчэйшых беларускіх паэтаў канца ХХ стагоддзя. Ён нарадзіўся ў 1959 у вёсцы Гарошкаў (Рэчыцкі раён). Скончыў Гомельскі дзяржуніверсітэт. Быў сярод заснавальнікаў «Тутэйшых».

Разам з Алесем Бяляцкім Сыс арганізаваў першы мітынг на Дзяды 1987-га ля помніка Купалу.

Яго зборнікі «Агмень» (1988), «Пан Лес» (1989), «Ягамосць» (2002) сталі паэтычнымі бестселерамі. Літаратурны талент Сыса спалучаўся з эпатажнымі паводзінамі.

Памёр Сыс 4 мая 2005 ад сардэчнага прыступу ў сваёй мінскай кватэры.

* * *

27 кастрычніка ў вёсцы Гарошкаў (Рэчыцкі раён) адбудзецца традыцыйнае свята паэзіі ў гонар Анатоля Сыса пад назвай «Дух — гэта, людзі, Я!».

У свяце бяруць удзел родныя і землякі Анатоля, ягоныя сябры, а таксама вядомыя беларускія паэты, барды і гісторыкі.

У тым ліку Эдуард Акулін, Таццяна Беланогая, Вадзім Болбас, Анатоль Вярцінскі, Васіль Жуковіч, Андрэй Мельнікаў, Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Ларыса Раманава, Міхась Скобла, Сяржук Сыс.

Пачатак свята, а 12-й на Гарошкаўскіх могілках, дзе адбудзецца ўскладанне кветак да надмагільнага помніка паэту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0