Расія і Беларусь працягваюць перамовы па ўмовах пастаўкі нафты ў рэспубліку ў чацвёртым квартале 2012 года і ў 2013 годзе, паведамляе РІА Новости са спасылкай на крыніцу ў органах дзяржкіравання Беларусі.

«Першы віцэ-прэм’ер урада (Беларусі) Уладзімір Сямашка і намеснік міністра эканомікі (Расіі) Анатоль Філонаў пакуль знаходзяцца ў Маскве. Абмяркоўваюцца пытанні паставак нафты на астатнія месяцы гэтага года і балансавыя пастаўкі на 2013 год», — сказаў суразмоўца агенцтва.

Паводле яго слоў, бакам пакуль не ўдалося зняць праблемныя пытанні.
«Яны звязаны з вырашэннем пытанняў магчымай кампенсацыі стратаў расійскаму бюджэту ад „растваральнага“ бізнесу ў Беларусі, падпісаннем неабходных дакументаў па кантролі за рынкам нафтапрадуктаў і гэтак далей», — заявіла крыніца.

Суразмоўца зазначыў, што Расія не настойвае жорстка на выкананні балансу паставак беларускіх нафтапрадуктаў у РФ. «Яны разумеюць, што гэта залежыць ад камерцыйнай мэтазгоднасці», — сказаў ён.

Раней расійская АК «Транснефць» на падставе рашэння Мінэнерга РФ перагледзела графік паставак нафты ў Беларусь у чацвёртым квартале, зменшыўшы пастаўкі на 26% да 4 млн. тон. Беларускія НПЗ перапрацоўваюць 1,8–1,9 млн. тон нафты ў месяц.

Баланс паставак нафтавай сыравіны для Беларусі на 2012 год быў узгоднены з расійскім бокам у снежні 2011 года.
Ён поўнасцю забяспечвае патрэбы беларускіх НПЗ у нафце і прадугледжвае пастаўку ў Беларусь 21,5 млн. тон расійскай нафты трубаправодным транспартам, што на 3,5 млн. тон больш, чым у 2011 годзе. Апрача таго, прадугледжана магчымасць паставак у выпадку неабходнасці 2 млн. тон нафты па чыгунцы.

Аператары па пастаўцы нафты ў Беларусь ААТ «Газпром нефць», ААТ «Лукойл», ААТ «Раснефць», ААТ «Сургутнефцегаз» і ААТ «ТНК-ВР» у 2012 годзе аднавілі давальніцкую перапрацоўку ў Беларусі да 50% пастаўленай нафты.

Паліўна-энергетычным балансам Саюзнай дзяржавы ў 2012 годзе ўпершыню прадугледжаны пастаўкі 5,8 млн. тон высакаякасных беларускіх нафтапрадуктаў для расійскіх спажыўцоў, у тым ліку 2,1 млн. тон бензіну, 3,5 млн. тон дызпаліва і 0,2 млн. тон авіягазы. У межах выканання згаданага балансу зацверджаны адпаведны каляндарны план паставак на 2012 год, які Мінск не выконвае: у студзені-жніўні ў Расію пастаўлена ўсяго 144,3 тыс. тон нафтапрадуктаў.

Невыкананне каляндарнага плана беларускія чыноўнікі тлумачаць тым, што сёлета прыблізна 50% штомесячных аб’ёмаў нафты на беларускіх НПЗ перапрацоўваюць расійскія кампаніі-давальцы, якія рэалізуюць нафтапрадукты самастойна. Апрача таго, пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў на расійскі рынак у сувязі з нізкім узроўнем цэн да нядаўняга часу былі нерэнтабельныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?