«Шаноўная рэдакцыя Беларускага тэлебачання, звяртаецца да Вас кандыдат гістарычных навук Уладзімір Ляхоўскі. 23 кастрычніка гэтага года ў вечаровай праграме «Зона Х» быў прадэманстраваны сюжэт аб канфіскацыі кніг і часопісаў «Arche». Сярод канфіскаваных выданняў у Лагойскім раёне апынулася і мая манаграфія «Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у другой палове ХІХ ст. — першай палове ХХ ст. (да 1939 г.)», выдадзеная Беларускім гістарычным таварыствам у Беластоку. У кнізе разглядаецца гісторыя дзейнасці беларускіх маладзёвых арганізацый да верасня 1939 г. — задоўга да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

У відэароліку буйным планам была пададзена вокладка маёй кнігі пад наступным каментаром (падаю на мове арыгінала): «В данной литературе дана сомнительная трактовка истории Беларуси во времена нацистской оккупации».
Далей было яшчэ больш канкрэтна заяўлена, што канфіскаваныя выданні належаць да «дурно пахнущей литературы, на которых присутствует свастика».
Мая кніга прысвечана беларускім патрыётам, якія змагаліся за самастойнасць Беларусі супраць царскага рэжыма, сталінскай тыраніі і польскіх жандараў.
У маёй манаграфіі ўвогуле няма сюжэта пра нацысцкую акупацыю Беларусі ці ўсхваленне нацысцкай ідэалогіі і яе сімволікі (свастыкі). Паўтаруся, мая кніга заканчваецца 1939 г. і ўвогуле не тычыцца ваенных падзей 1941 — 1945 гг.
Мая манаграфія — гэта навуковае выданне, якое рэцэнзавалі вядомыя гісторыкі, што працуюць у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.
Адзін з іх вельмі паважаны ў навуковай супольнасці прафесар і доктар гістарычных навук Леанід Лыч.
Скажу наўпрост: каментары і прадстаўлены пад іх візуальны рад можна інтэрпрэтаваць як гёбельсаўскі прыём, праз які праўда падмяняецца ілжой і фальсіфікацыяй.
Да гэтага можна дадаць відавочны непрафесіяналізм і гістарычную непісьменнасць Аляксандра Вярбіцкага і вядучай праграмы «Зона Х».
Гэты сюжэт глядзела мая сям’я і родныя. І ўсе абураны гэтым брудным прыёмам вашага журналіста. Дадзены рэпартаж нанёс маральную рану не толькі мне, але і ўсёй маёй радні.
Мой бацька, Віктар Адамавіч Ляхоўскі, памерлы ў 1983 г. ад старых ран, атрыманых на фронце, у 1945 г. дайшоў да Прагі, а мой родны дзядзька, Апанас Фёдаравіч Дыдзік, які быў у партызанах з 1942, загінуў пад Берлінам у тым жа 1945 годзе.

Я заклікаю да сумлення і прафесійнай годнасці вас і вашага карэспандэнта, Аляксандра Вярбіцкага, аўтара гэтага відэапасквіля, які, дарэчы, размешчаны цяпер на вашым сайце.

Я патрабую публічнага прабачэння за гэтую гнюснасць. У іншым выпадку буду вымушаны звярнуцца ў судовыя інстанцыі для абароны сваёй чалавечай і прафесійнай годнасці.

У пільным чаканні адказу.

Уладзімір Віктаравіч Ляхоўскі, кандыдат гістарычных навук».

Паколькі рэдакцыя навін БТ ніяк не адрэагавала на ліст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?