Былы пасол Ізраіля ў Беларусі Зееў Бен-Ар'е асуджаны на чатыры месяцы грамадскіх работ. Такое рашэнне вынес 28 кастрычніка міравы суд Ерусаліма, паведамляе ізраільскі расейскамоўны партал "Курсор".

Былы амбасадар прызнаны вінаватым у разгалошванні дзяржаўнай таямніцы і спробах перашкодзіць ходу следства па справе міністра замежных спраў Аўігдора Лібермана.
Праваахоўныя органы расследавалі дзейнасць Лібермана ў 2001-2008 гадах, падазраючы падкантрольныя яму кампаніі ў атрыманні мільёнаў даляраў ад розных бізнэсменаў у яго бытнасць дэпутатам кнесета.
Следству ўдалося высветліць, што ў 2008 годзе Бен-Ар'е атрымаў запыт Міністэрства юстыцыі Ізраіля аб прадастаўленні беларускімі ўладамі інфармацыі па справе Лібермана. Запыт быў пазначаны грыфам "сакрэтна" і утрымліваў спіс усіх падазрэнняў у дачыненні да Лібермана, а таксама інфармацыю аб доказнай базе.
Мінюст цікавіўся звесткамі аб банкаўскіх рахунках у Беларусі і інфармацыяй аб рэальных уладальніках рахункаў, у асноўным зарэгістраваных на мясцовыя кампаніі.
Аднак Бен-Ар'е не перадаў запыт беларускім уладам, а скапіяваў сакрэтную інфармацыю і паведаміў яе дэпутату Ліберману падчас яго прыезду ў Беларусь у кастрычніку 2008 года.

Зееў Бен-Ар'е сваю віну прызнаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?