Паводле крыніцы «Белсату»,

застрэліўся палкоўнік (прозвішча не называецца), які кіраваў упраўленнем КДБ па Мінску і Мінскай вобласці на пачатку 2000-х.
Апошнім часам ён працаваў у цэнтральным апараце камітэта.
Гэты чалавек — не генерал-маёр Ігар Кузняцоў.

Учора інтэрнэт-рэсурс «Хартыя’97» са спасылкаю на дакладныя крыніцы паведаміў, што апошні застрэліўся з паляўнічай стрэльбы. Аднак прэсавы сакратар упраўлення заявіў, што Ігар Кузняцоў жывы, здаровы і на сваім працоўным месцы: «Ведаеце, я бачыў гэтую інфармацыю. Вам, вядома, варта патэлефанаваць у інстытут, дзе ён працуе і спытаць, але… гэта абсалютная няпраўда, скажам так».

«Белсату», аднак, не далі магчымасці паразмаўляць з генерал-маёрам Ігарам Кузняцовым на працоўным месцы — у Інстытуце нацыянальнай бяспекі ды… адмовіліся каментаваць інфармацыю пра ягонае меркаванае самагубства.

Хто хоча пераканацца ў тым, што Ігар Кузняцоў жывы, можа запісацца да яго на прыём у першую або чацвёртую сераду месяца — прапанавалі ў прыёмнай інстытуту.
Праўда, заўтра — пятая серада кастрычніка. Першая серада лістапада — выходны. А да чацвёртай трэба чакаць амаль месяц.

Начальнікам Інстытуту нацбяспекі генерала Кузняцова прызначылі ў 2011 г. Папярэдне ён узначальваў упраўленне КДБ па Мінску і Мінскай вобласці. Дэмакратычнай супольнасці Кузняцоў запомніўся праз мэтанакіраванае цкаванне не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі «Малады фронт».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?