Жыхар Гомеля Аляксандр Снітко накіраваў па электроннай пошце адозву прэзідэнту ЗША Бараку Абаме і ў пасольства ЗША ў Беларусі з просьбай памілаваць героя савецкай прэсы пачатку 1980-х індзейца Леанарда Пелтыера, які адбывае два пажыццёвыя тэрміны.

У адозве да Абамы гамяльчанін нагадвае, што хутка заканчваецца яго прэзідэнцкі тэрмін і існуе традыцыя, згодна з якой прэзідэнт у канцы гэтага тэрміну падпісвае дакумент аб памілаванні адной асобы, асуджанай на пажыццёвае зняволенне.

Заяўнік звяртае ўвагу, што ў пачатку 2013 года споўніцца 40 гадоў узброенага выступлення «нашчадкаў тых, каго за 100 гадоў да гэтага пахавалі ў братэрскай магіле ў мясцовасці пад назвай Вундэд-ні, якія адчаяліся дабіцца справядлівасці, страцілі надзею быць пачутымі».
«І вельмі сімвалічна, што акопы гэтай купкай роспачных, якія асмеліліся на безнадзейнае паўстанне, былі выкапаны побач з братэрскай магілай сваіх продкаў, ахвяр той крывавай разні ў Вундэд-ні ў канца XIX стагоддзя. Дзяржава — ЗША — не магла сцярпець такой нахабнасці ад гэтых „брудных чырванаскурых“ і пасля заканчэння інцыдэнту абрушыла ўсю моц свайго рэпрэсіўна-каральнага апарату на кіраўнікоў паўстання і актывістаў індзейскага руху. Адной з ахвяр той расправы стаў Леанард Пелтыер», — піша Снітко.

Ён лічыць: Пелтыер не злачынца, а ахвяра дзяржавы ЗША, якая адпомсціла ў яго асобе ўсім індзейцам, што асмеліліся падаць голас пратэсту.

Праваабарончыя арганізацыі, дзеячы культуры, палітыкі і грамадскія дзеячы сумняваюцца ў абгрунтаванасці і справядлівасці прыгавору Пелтыеру.

«І вось цяпер шанс зрабіць учынак і заслужыць падзяку тысяч і тысяч людзей на розных кантынентах, усіх тых, хто спачувае драматычнаму лёсу індзейцаў, у вас у руках. Выкарыстайце гэты шанс, спадар прэзідэнт! Акрамя ўсяго іншага гэты ўчынак узніме імідж вашай краіны ў свеце, які вельмі апусціўся апошнімі гадамі», — заклікае Абаму аўтар паслання.

Ён лічыць, што гэтым памілаваннем прэзідэнт ЗША зробіць пэўны ўнёсак у справу збавення гістарычнай і гуманітарнай віны, якую нясуць Злучаныя Штаты перад нашчадкамі тых, каго яны прыгняталі, выганялі, рэпрэсавалі, знішчалі на зары сваёй гісторыі.

Снітко, паводле яго слоў, яшчэ ў пачатку 1980-х удзельнічаў у акцыі салідарнасці з Пелтыерам, якую праводзілі ў СССР.

«Зараз я вырашыў нагадаць амерыканскаму прэзідэнту і ўсёй грамадскасці пра вязня Пелтыера. Накіраваў адозву да ВІП-персон з просьбай выказаць салідарнасць з Пелтыерам. Звязваюся і са сваімі старымі таварышамі, заклікаю іх і ўсіх неабыякавых людзей узяць з мяне прыклад», — паведаміў ён.

***

Лічыцца, што Леанард Пелтыер быў асуджаны ў 1975 г. за забойства двух супрацоўнікаў ФБР.
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру