Арнольд Шварцэнэгер зноў сыграе Конана-варвара: рабіць фільм «Легенда пра Конана» будзе кінакампанія Universal Pictures, а яе выхад на экран чакаецца летам 2014 года. Прадзюсерамі стужкі будуць Фрэдрык Малмберг, які валодае адпаведнымі правамі на экранізацыю гісторый Роберта Говарда, і Крыс Морган, які запрошаны не толькі як прадзюсар. У яго ўжо ёсць накіды будучай карціны пра Конана, і не выключана, што менавіта ён зробіць канчатковы сцэнар.

Выпушчаны ў 1982 годзе фільм Джона Міліуса «Конан-варвар» стаў прыкметнай падзеяй у кінасвеце і прынёс прадзюсарам добрыя барышы; сцэнар да яго Міліусу дапамагаў пісаць Олівер Стоўн. А вось зняты праз два гады сіквел «Конан-разбуральнік» — яго рабіла іншая каманда — так і не змог паўтарыць поспех арыгінала.

Не так даўно франшызу паспрабавалі перазапусціць — з новым Конанам, якога сыграў Джэйсан Мамоа, і 90-мільённым бюджэтам, які не ўдалося акупіць.

Фільм у пракаце праваліўся — яго зборы былі ўсяго $ 49 млн; перазапуск быў прызнаны няўдалым, Мамоа новым Шварцэнэгерам не стаў, і ў «Легендзе пра Конана» ён наўрад ці з’явіцца.

Зрэшты, ад «Конана-разбуральніка» стваральнікі новай стужкі таксама вырашылі адмовіцца.

«Усё, што было зроблена пасля першага фільма, на мой погляд, проста дурное.
У першапачатковым „Конану-варвары“ змешвалася міфалогія Говарда і мноства філасофскіх ідэй — ад Ніцшэ да Атылы», — цытуе словы Моргана сайт Deadline.
Прадзюсар таксама сказаў, што пакуль невядома, з якім рэйтынгам выйдзе на экраны фільм; нагадаем, што карціна 1982 мела «дарослы» рэйтынг R.

Прадзюсары ўдакладнілі, што «Легенда пра Конана» раскажа гісторыю пастарэлага героя-варвара.

«У фінале першага фільма герой Арнольда сеў на трон, і з гэтага моманту мы і пачнем нашу карціну, —
распавёў Малмберг. — Міфічны паўночны вікінг быў каралём, ваяром, салдатам і наймітам, ён паклаў у ложак больш жанчын, чым хто-небудзь, і вось яго жыццё набліжаецца да канца.
Ён збіраецца ў Вальгалу і хоча трапіць туды проста з поля бою, пасля добрай бітвы».

Стужка 1982 фактычна дала пачатак кінакар’еры Шварцэнэгера: пасля яе ён атрымліваў усё больш прывабныя і грашовыя прапановы і стаў настолькі знакамітым, што з лёгкасцю правёў два тэрміны ў крэсле губернатара Каліфорніі, а потым вярнуўся ў кіно.

У гэтым годзе ён з’явіўся ў другіх «Нястрымных», а на 2013 год запланавана адразу некалькі фільмаў з яго удзелам — «Вяртанне героя» (Last stand), «Магіла» (Tomb), «Чорныя пяскі» (Unknown Soldier).

Літаральна ўчора ў сетцы з’явілася фатаграфія са здымачнай пляцоўкі стужкі Дэвіда Эйра «Ten» («Дзесяць»), дзе Шварцэнэгер выконвае галоўную ролю.
Ён яшчэ не адмовіўся ад распрацоўкі цэлага праекта пра супергероя, якога завуць Губернатар,
у тым ліку мультсерыял, серыя коміксаў і поўнаметражная карціна, а таксама не сказаў «не» тым, хто спрабуе завабіць акцёра ў 5-ага «Тэрмінатара» і ў камедыю «Трайняткі» — на здымках працягу «Двайнят» настойвае яго прыяцель Дэні дэ Віта.
Зрэшты, удзел Шварцэнэгера ў «Легендзе пра Конана» ужо пацверджаны: акцёр заявіў, што заўсёды любіў свайго героя-варвара і лічыць гонарам для сябе сыграць яго яшчэ раз.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?