У Літве пачынаюць публікацыю звестак рэгістрацыйнага журнала архіўных спраў КДБ СССР аб завербаваных супрацоўніках. Як паведамляе партал Delfi, гэтыя звесткі будуць публікавацца на сайце kgbveikla.lt.

Паводле інфармацыі Цэнтра даследавання генацыду і супраціўлення жыхароў Літвы, у журнале, які пачалі запаўняць у 1987 годзе, пададзены звесткі аб 1.669 агентах, інфарматарах і іншых тайных супрацоўніках КДБ, завербаваных з 1940 па 1979 гады. Указваюцца асабістыя звесткі чалавека, мянушкі, год вярбоўкі, падраздзяленне, якое ажыццявіла вярбоўку, і нумар архіўнай справы.

«Невядома, на якім прынцыпе і з якой мэтай ствараўся гэты журнал.
Пры больш уважлівым даследаванні архіўных і іншых крыніц аб прысутных у спісе асобах устаноўлена, што частка завербаваных не працавалі ў якасці агентаў. Ёсць меркаванне, што яны згадзіліся супрацоўнічаць, толькі каб вырвацца з кіпцюроў чэкістаў. Нельга выключаць і верагоднасць таго, што гэтыя людзі былі ўнесены ў спіс з аператыўнымі мэтамі або для кампраметацыі», — піша Delfi.

Звесткі рэгістрацыйнага журнала будуць публікавацца часткамі, не больш як пра 20 асоб кожныя два тыдні. Гэта робіцца таму, што спіс будзе пільна даследаваны з мэтай устанавіць акалічнасці супрацоўніцтва кожнага чалавека і яго канкрэтную дзейнасць.

Прозвішчы асоб, якія прайшлі люстрацыю, не будуць публікавацца, бо тайна гэтай інфармацыі ахоўваецца законам аб люстрацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?