Лукашэнкаўскае інфармацыйнае агенцтва перадрукавала вытрымкі з інтэрв’ю старшыні КХП-БНФ Зянона Пазняка эмігранцкаму сайту InterPolitTV, у якім ён рэзка раскрытыкаваў беларускую апазіцыю.

«У Беларусі няма сапраўднай апазіцыі», так называецца артыкул на БелТА.

«Так званая беларуская апазіцыя створана былым кіраўніком місіі АБСЕ ў Мінску Хансам-Георгам Вікам. Захад яе фінансуе і дыктуе, што рабіць».

Старшыня КХП-БНФ назваў канкрэтную суму, якая была выдаткаваная на стварэнне беларускай апазіцыі, піша БелТА, — $1 млн. 700 тыс. «Дасылаюць Віка, кіраўніка знешняй разведкі Германіі, дасведчанага прафесіянала. Ён пачынае збіраць Лябедзек, Калякіных, дае ім грошай. Захад атрымаў сваю групу апазіцыі, на якую ён можа ўздзейнічаць з дапамогай грошай і якая выконвае іх пажаданні, каб аказвалі ціск на Лукашэнку».

«Яны робяць пікеты, мобы-шмобы розныя, і ў гэты ж час Вестэрвеле едзе, Сікорскі. Тры мільярды прапаноўваюць. Ціск на Лукашэнку з боку апазіцыі і тут жа перамовы з ім у інтарэсах Захаду. Гэта і ёсць заходняя палітыка, але не дэмакратыя»,

— цытуе далей БелТА.

«Сіла на фальшывых ідэях сілай не будзе. Народ яе не падтрымае, у яе няма ніякіх каранёў. Гэта не апазіцыя, і не толькі таму што іх чужая сіла падтрымлівае фінансава, а таму што ў іх няма ідэй для народа».

Пазняк грунтуе свае высновы на фразе, вырванай з інтэрв’ю Віка «БелГазеце» 9 гадоў таму.

Нагадаем, што Пазняк у свой час у падобным тоне выказваўся пра Ганчара: маўляў, нікуды ён не знік, а выскачыць, як чорт з табакеркі. Ганчар так і не выскачыў, але Пазняк так і не прынёс прабачэнняў ягонай сям’і.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0