Падчас наведваньня Нацыянальнага банку краіны А.Лукашэнка заявіў сёньня ці то жартам, ці то ўсур’ёз, што хоча кіраваць, пакуль золатавалютныя запасы Беларусі не дасягнуць эквіваленту 10 млрд даляраў, у тым ліку залаты – 100 тонаў.

На сёньня ён складае 25 тонаў і 1,63 млрд даляраў. Урадам заплянавана, што да 2011 году ён мусіць вырасьці да 32 тонаў і 3 млрд дялараў. Пры захаваньні такіх тэмпаў росту ён дасягне памеру 10 млрд даляраў у 2036 годзе. А.Лукашэнку тады будзе 82 гады.

Вось як пра гэта паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА:

«Да 2011 года залаты запас Беларусі павінен вырасці да 32 тон золата, золатавалютныя рэзервы - да $3 млрд. Такую задачу паставіў перад Нацыянальным банкам прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы сёння Цэнтральнае сховішча Нацбанка.

Прэзідэнт пажартаваў, звяртаючыся да прэсы: "У апошні час усе пытаюць, а колькі Лукашэнка прабудзе на чале ўлады. Мы з Пракаповічам будзем на чале ўлады, пакуль не створым залаты запас 100 тон золата і золатавалютныя рэзервы - $10 млрд."

Як было сёння даложана прэзідэнту, па стану на 1 студзеня 2006 года залаты запас краіны складае 25,02 тоны, а ў валютным эквіваленце - $412,7 млн. Аб’ём міжнародных рэзервовых актываў Беларусі ў вызначэнні спецыяльнага стандарту распаўсюджання даных МВФ склаў $1 296,5 млн. Валавыя актывы Нацбанка ў замежнай валюце, каштоўных металах і камянях складаюць $1 629,6 млн.»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0