Спецыялісты абвяргаюць інфармацыю тэлеканала Бі‑бі‑сі (Вялікабрытанія) аб тым, што пасля чарнобыльскай аварыі ствараліся штучныя дажджы з мэтай не даць радыеактыўным часціцам распаўсюдзіцца ў бок Масквы.

22 красавіка ў эфіры тэлеканала Бі‑бі‑сі‑2 быў паказаны дакументальны фільм «Навука аб суперштормах». У фільме прыведзены словы расійскага ваеннага лётчыка маёра Аляксея Грушына аб тым, што ён браў удзел у аперацыі, мэтай якой было стварэнне штучных ападкаў над раёнам Чарнобыля, каб «змыць» радыеактыўныя часціцы і не даць ім распаўсюдзіцца ў бок буйных населеных пунктаў — найперш Масквы. Паводле сцвярджэння расійскага лётчыка, у паветры распыляўся іядыд серабра, які садзейнічаў выпаданню радыектыўных ападкаў на тэрыторыі Беларусі.

Прафесар Іван Нікітчанка, які ў 1986 годзе быў намеснікам міністра сельскай гаспадаркі БССР, у інтэрв’ю БелаПАН зазначыў, што пасля аварыі на ЧАЭС па распараджэнні ўладаў, наадварот, «стрымлівалі стварэнне дажджавых хмар на працягу месяца, магчыма, нават больш». Для гэтага самалёты сапраўды распылялі ў паветры азотна‑кіслае серабро. «Сцвярджэнне маёра адпавядае сапраўднасці, толькі прызначэнне гэтага распылення ён не зразумеў, — сказаў І.Нікітчанка. — Усё гэта рабілася для таго, каб якраз не даць сабрацца дажджавым хмарам».

І.Нікітчанка падкрэслівае, што ўсе намаганні тады былі скіраваныя на тое, каб перашкодзіць стварэнню радыеактыўных дажджавых воблакаў, якія маглі «пайсці не толькі на Маскву, але і на Кіеўскае вадасховішча». «Тады было вельмі горача. Увесь радыеактыўны пыл узяўся высока ў стратасферу, — успамінае І.Нікітчанка. — Калі ўжо быццам бы вырашылі пытанне з водазабеспячэннем Кіева, знялі гэтую блакаду, але яшчэ тыдзень, а то і больш, над Чарнобылем наогул не збіраліся дажджавыя хмары».

Рыгор Кручаніца, які ўзначальваў у 1986 годзе аддзел кантролю актыўнага ўздзеяння Цэнтральнай аэралагічнай абсерваторыі (Масква, Расія), заяўляе, што «практычна немагчыма перашкодзіць распаўсюджванню ў атмасферы аэразольных часціц, якія знаходзяцца ў цвёрдай фазе». «Нельга «не пусціць» радыеактыўнасць у нейкі бок, утварыўшы дажджы. Гэта, паўтараю, немагчыма, — сказаў у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН Р.Кручаніца. — Што ж тычыцца работ па актыўным уздзеянні, якія праходзілі ў зоне чарнобыльскай аварыі, то яны ў асноўным праводзіліся з ападканясучымі воблакамі, якія былі на падыходзе да поймаў Прыпяці і іншых рэк. Калі б радыеактыўны грунт быў бы змыты дажджамі з гэтых воблакаў у рэкі, то ступень забруджання была б значна вышэйшай, а плошча забруджання — большая».

Паводле слоў Р.Кручаніцы, дажджавыя воблакі абясшкоджваліся на падыходзе да зоны радыеактыўнага заражэння. «Ападкі выклікаліся загадзя з аблокаў, з якіх яны ў прынцыпе маглі выпасці, каб дажджы не праліліся ў заражанай зоне і не змылі «брудны» грунт», — сцвярджае Р.Кручаніца.

Таццяна КАРАВЯНКОВА, БелаПАН

Глядзі яшчэ:
Чарнобыльскі дождж прыйшоў з Масквы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0