У конкурснай і пазаконкурснай праграме міжнароднага кінафестываля «Лістапад» больш за 150 фільмаў: ад новага Скарсэзэ да 10-хвіліннага «Мінск — сталіца Савецкай Беларусі» за 1969 год. «Наша Ніва» абрала ТОП-5 фільмаў сёлетняга кінафэсту.

«У тумане»

Прэм’ера фільма Сяргея Лазніцы «У тумане» бадай што самая доўгачаканая — фільм паводле Быкава ўжо сабраў пэўную колькасць еўрапейскіх узнагародаў. Калі хто і можа перадаць на стужцы быкаўскі экзістэнцыялізм, дык гэта менавіта Лазніца, якога болей за ўсё цікавіць маральны выбар чалавека, што трапляе ў безвыходную сітуацыю.

Калі і дзе: 2 лістапада, 20.00, Палац Рэспублікі (малая зала), 2 лістапада, 21.00, кінатэатр «Кастрычнік», 7 лістапада 18.30, Дом кіно (з удзелам Сяргея Лазніцы).

«Карпарацыя „Холі мотарз“»

Вандроўка невядомай істоты, якая пераўвасабляецца ў людзей рознага веку і полу, але пакутуе ад смяротнай адзіноты.

Французскі рэжысёр Леа Каракс — адзін з фаварытаў сёлетняга фестывалю.

Калі і дзе: 7 лістапада, 18.30, кінатэатр «Цэнтральны».

«Джордж Харысан: жыццё ў матэрыяльным свеце»

Славуты рэжысёр Марцін Скарсэзэ працягваю серыю дакументальных фільмаў пра вялікія постаці ХХ стагоддзя фільмам-біяграфіяй Джорджа Харысана, гітарыста The Beatles, адданага будыста і самага незвычайнага чалавека з усёй ліверпульскай чацвёркі.
Скарсэзэ сцвердзіў сябе як рэжысёр, які можа працаваць з біяграфіямі музыкаў, а пра ягоныя ранейшыя заслугі і ўзгадваць лішне — у тройку галоўных рэжысёраў 70-х ён уваходзіць бясспрэчна.

Калі і дзе: 9 лістапада, 19.00, кінатэатр «Мір» .

«Лісабонскія таямніцы»

Эксперыментальны фільм рэжысёра Рауля Руіса доўжыцца амаль пяць гадзінаў, і будзе прадэманстраваны цалкам. «Лісабонскія таямніцы» — гісторыя жыцця партугальскай арыстакратыі пазамінулага стагоддзя, гэта хутчэй мастацтва ў чыстым выглядзе, чым звычайны фільм.

Калі і дзе: 10 лістапада, 18.30, кінатэатр «Цэнтральны».

«Каханне»

Фільм Міхаэля Ханэке закрывае «Лістапад». Стужка пра 80-гадовую жанчыну, якая пакутуе на цяжкую хваробу і яе мужа, які адмаўляецца ад працы, і прысвячае свой час любімай жонцы, якой з кожным днём становіцца ўсё горш.
Міхаэль Ханэке бадай што самы запатрабаваны рэжысёр-інтэлектуал з Аўстрыі, працягвае разважаць на экзістэнцыйныя тэмы.

Калі і дзе: 9 лістапада, 21.00, кінатэатр «Цэнтральны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?