У Нацыянальным алімпійскім камітэце, Міністэрстве спорту і турызму і цэлым шэрагу спартыўных арганізацый выяўлены праблемы і недапушчальныя парушэнні, у тым ліку ў пытанні расходавання сродкаў, паведаміў старшыня Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Якабсон на пасяджэнні выканкама НАК 1 лістапада.

Паводле яго слоў, апарат НАК празмерна захапіўся павышэннем свайго ўтрымання і дабрабыту, не забяспечваючы ў належнай меры рашэнне галоўнай статутнай задачы — развіццё алімпійскага руху і спорту. Калі ў 2010 годзе расходы на ўтрыманне апарату НАК складалі менш за траціну ўсёй сумы расходаў, то за дзевяць месяцаў гэтага года яны склалі амаль палову. Супрацоўнікі атрымлівалі не толькі зарплату, якая значна перавышала сярэднюю па краіне, але і рэгулярна прэміраваліся за гэтак званае выкананне дадатковых паказчыкаў працы.

Устаноўлены факты неэфектыўнага выкарыстання кватэр, што знаходзяцца на балансе апарату НАК, зацягвання будаўніцтва будынка штаб-кватэры.

Зараз КДК сумесна з праваахоўнымі органамі пачаў праверку Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі. Працягваецца маштабная праверка Мінспорту і падведамасных яму арганізацый.

Новы першы віцэ-прэзідэнт НАК Ігар Рачкоўскі паведаміў пра захады, якія ён мае намер у першую чаргу зрабіць на новай пасадзе:

«У самыя кароткія тэрміны, літаральна на працягу наступнага тыдня, будзе наведзены парадак. Трэба браць прафесійных фінансістаў, таму што фінансавая дысцыпліна не тое што парушана, яе там проста няма».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?