Падчас чаканьня букалічнай элегіі

Тацяне Нядбай

Калі я прачынаюся на сьвітаньні,

Мне не хапае часу на тое,

Каб даведацца, хто перамог.

Калі я падпальваю сваю першую цыгарэту,

Мне бракуе паветра на тое,

Каб зайсьціся ў кашлі.

Калі я п’ю першы ранішні кубак кавы,

Дык не кладу цукру,

Бо калоцяцца мае рукі.

Але неістотна гэта.

Але.

Але.

Але неістотна.

Калі ўдзень я скошаным полем іду,

Мне не хапае асфальту,

Каб убачыць, як варыцца паветра.

Калі я гляджу на аблокі,

Мне бракуе вострых суворых формаў,

Каб адарвацца ад сваіх думак.

Калі я стаю пры дрэве,

Дык чакаю калькіх кропель дажджу,

Бо мне сумна ў адзіноце.

Але неістотна гэта.

Але.

Але.

Але неістотна.

Калі я адчуваю пальцы ветра на скуры,

Мне не хапае пачуцьця гумару,

Каб Барэю прамовіць энцыкліку.

Калі я хапаю сонца за валасы,

Мне бракуе хуткасьці ў думках,

Каб заплесьці салярныя тэксты.

Калі я заходжу ў ваду прыўкраснага возера,

Дык ня плаваю доўга,

Бо зацягваць нешта ня мае сэнсу.

Але неістотна гэта.

Але.

Але.

Але неістотна.

Калі я саджуся за стол,

Мне не хапае ўпартасьці,

Каб зьесьці абед цалкам.

Калі вяскоўцы зьбіраюць сена,

Мне бракуе словаў, каб апісаць,

Як конь у зубох трымае сухую траву.

Калі я слухаю сябра,

Дык гляджу яму ў вочы,

Бо думкі мае далёка.

Але неістотна гэта.

Але.

Але.

Але неістотна.

Калі я бяру ў руку асадку,

Мне не хапае волі,

Каб да нататніка дацягнуцца.

Калі я бачу, як сонца сядае на захадзе,

Мне бракуе фантазіі і натхненьня,

Каб уявіць, што зранку яно зьявіцца на ўсходзе.

Калі зіхацець пачынае першая зорка,

Дык я падпальваю дваццатую цыгарэту,

Бо прыемна быць падобным да Дэміюрга.

Але неістотна гэта.

Але.

Але.

Але неістотна.

Калі я засынаю ў ложку,

Мне не хапае тваіх уздрыгваньняў,

Каб адчуць вастрыню быцьця.

Але.

Вітаю, Кох!

* * *

Змрочнасьць думкі засільваецца на страсе,

Апошні пацук учора ў падпеччы здох,

Астатнія зьбеглі хаўрусам па касе —

Вітаю, Кох!

Мне прыкра ўзгадваць пра палі,

У якіх вежы стаялі і — Майн Бог —

Лотаць расла, а цяпер крычу калі-нікалі —

Вітаю, Кох!

Няхай там іншыя кнігі чытаюць, а я

Буду на скразьняках піць, бо ў кіпцюрох

Паліцыі (і на дзьвюх) даўно ўжо справа мая —

Вітаю, Кох!

Што з таго, што рэдактар я трызны маёй,

Што жонкі ня маю? Толькі скажаце: «Аднарог...»,

Калі ў бясконцасьць пайду за адзінай сям’ёй —

Вітаю, Кох!

Былі і да мяне, прыйдуць яны і пасьля,

Але не сюды, бо з абедзьвюх ног

Трэба бегчы адtut, а ня ціха і спакваля —

Вітаю, Кох!

Я пра славу ня думаў бы, адылі

Розум у рэнту здаў, а пасьля ня змог

Атрымаць назад — хаджу без мазгоў па зямлі —

Вітаю, Кох!

Усё тут вар’ята сон, а магчыма — жах.

Асадзіць назад? Дык і так у зубох

Калідоры тры, а над імі — дзіравы дах —

Вітаю, Кох!

А ты там, ты там, ты на нас глядзіш,

Вельмі заняты, дый зрэдку, а вымавіш: «Ох!»,

Усміхнесься: «Цягне вас руйнаваць Парыж...»

Вітаю, Кох!

Мэтафары ў кнігах — крывое шкло.

Затое мы большыя ў тваіх вачох,

Можа, пабачыш мяне, паглядзі на дно... —

Вітаю, Кох!

25.08.2005

Кантрапункты

У тысячу зрэнак сачыць за тваім рухам

Я ня буду, як Аргус, чыя вочы — зоры,

Я ж ня шэф ЦРУ, не кіраўнік «Масаду».

Лепей я сьціпла здохну на кучы гною,

Як ня менш знакаміты сабака.

Шкада, не дачакаюся толькі

Твайго прыходу.

Сугуччам тысячы нотаў твае вушы лашчыць

Я ня буду Сымонам, чыя душа — скрыпка,

Трэба было вучыцца, а я ня ведаў.

Лепей супраць Яго волі адпаўзу і зарыюся ў каменьне

Пад наглядам Ганны, дзеля яе зьдзіўленьня.

Шкада, не дачакаюся толькі

Твайго прыходу.

Раўнаваць, нэкратызаваць нэўроны і клікаць Кліё

Я ня буду, як Джэйм (не падвоены нуль, а адзінка),

Талент патрэбны тут, іншы нораў.

Лепей адплыву я далёка да вільготных краінаў,

Там зьядуць мяне ў чыстым полі.

(Гэты верш да флаера на вячэру).

Шкада, не дачакаюся толькі

Твайго прыходу.

02. 09. 2005

Прадчуваньне мартыралёгу

Адыходзяць сумневы ў тым, што прыносіць сьмерць

Палёгку ад ціску на грудзі і плечы нявадкай

Ртуці лічбаю сямсот шэсьцьдзесят два друкаваныя аркушы,

Якія, за столькі год, адважыўся ў прачытаным займець;

І не ад ціску паветра, прагнанага праз насы і раты,

Ня толькі ў адзіноце, але і ўдваіх, утраіх

(Усё залежыць ад ваяўнічасьці акаляючых і тваіх боскіх цнотаў);

Ратуе яна не ад цяжару дурных ці разумных, калматых, а можа і лысых галоў,

А толькі ад важкасьці небакраю пад прэсам павіннага быць.

Не сказаць каб надоўга.

На тры ці чатыры дні — пакуль не апусьцяць цябе ў зямлю.

Зь яе рвецца мінулае ўверх. На ёй бясконцы такі ж, як спрадвечны

Выбух будучыні і яе шок. Так і будзеш камечыцца ты між дзьвюма

Напрамкамі. Як той, каго апісаў малады Дэдал,

Калі стаў стары (у горадзе, дзе палёгка бывае ўсім

Ля галоўных брам ці аналягу МКАД, задарма, задарма, але не даюць яе

Тым, у каго чорныя ня толькі абедзьве нагі).

Будзеш камечыцца, як старажытны герой,

Між Харыбдай і Сцылай і ў выніку зьведаеш лёс

Яго спадарожных, былых сяброў, ці, хутчэй, рабоў,

Бо і сам ты наўрад ці нашага часу герой.

І куды б ты ў выніку не пайшоў

(Хаця хто дасьць табе карабель, бачыш, прыйдзецца плыць)

Ты ня знойдзеш таго, што ты там шукаў,

У лепшым выпадку дастанецца між сьценаў пень

І, канешне ж, нікога на ім, акрамя жабы,

Але спадзяваньні адкінь на чараўніцтва і спробы яе цалаваць.

Гэта проста хвароба, што не дала жыць,

Што ўнесла імя ў мартыралёг.

* * *

And lifting to Heaven is much more shot then die

Стэп амаль, што напэўна ня Fox

Strote, проста сьнег над роўнай зямлёю,

Ня венскі ламаны рытм сну на кушэтцы,

А дзесьці тут, дзе трава чакае аленя,

А сонца малюе кут, каб зачапіцца мог

Той, хто ідзе, за цень і забіць вочы

Хоць чым, акрамя сеціва выпадковых каардынатаў

Каханьня братоў-аблокаў да маці-зямлі,

Што валіцца зь неба, лічы тут нічога няма,

І нічога ня ўзыдзе праз блаславеньне сабою,

Бясконцае падарожжа с крыкамі наўздагон

Сабакаў, бяз паўзаў і сынкопаў,

І ўжо і бязь іх — аднахвостых сяброў,

Кошт якім, высьвятляеш, рубель, і тое ў дзень кірмашу,

Але натоўп далёка, і тут не адшукаеш сымбалю,

Што пазначае зьмест ці, каб лілася, форму

Дый нават простага фрэйму прыроды або

Дэпрывацыі зносінаў між людзьмі, чытай

Між табою, тваім сябрам, птушкаю Фэнікс.

Ня знойдзеш, дык лепей, Viator, руш,

Бо тут шляхі, хутчэйшыя за сьмерць.

10.10.2005

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?