Эўракамісія афіцыйна пацьвярджае, што беларускія ўлады зрабілі чарговы крок наперад Эўропе. Крысьціяна Хоман, прэс-сакратар Эўракамісіі для зьнешніх адносінаў і эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва, камэнтуе дазвол беларускага ўраду на адкрыцьцё ў Менску Прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі ў Беларусі — фактычна, пасольства Эўрасаюзу.
«НН»: Ці можаце вы пацьвердзіць зьвесткі пра тое, што Менск пагадзіўся адчыніць у сябе Прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі?
Крысьціяна Хоман: Па-першае, я магу афіцыйна заявіць чытачам «Нашай нівы», што інфармацыя слушная. Беларускі ўрад даў згоду на просьбу Эўракамісіі адчыніць такі офіс. Заяўка на адкрыцьцё Прадстаўніцтва была пададзеная ў 2005 г. Зараз мы атрымалі адказ — беларускія ўлады пагадзіліся на адкрыцьцё Прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі ў Менску.
«НН»: Што будзе наступным крокам Эўракамісіі?
К.Х.: Цяпер трэба будзе распачаць перамовы над адмысловым пагадненьнем, якое замацуе згоду бакоў адчыніць офіс. Гэта звычайная працэдура, якая выконваецца пры адкрыцьці офісаў у любой краіне сьвету.
«НН»: Магчыма, вы ўжо ведаеце тэрміны адкрыцьця Прадстаўніцтва?
К.Х.: Пакуль пра гэта немагчыма нічога сказаць. Усё залежыць ад таго, як будуць ісьці перамовы вакол пагадненьня.
«НН»:Ці высоўваў беларускі бок нейкія ўмовы ў зьвязку з дазволам на адкрыцьцё Прадстаўніцтва?
К.Х.: Гэта была проста згода на нашую просьбу, ніякіх умоваў не высоўвалася.
«НН»: Як вы лічыце, чаму згода прыйшла менавіта цяпер?
К.Х.: Выбачайце, але я не магу рабіць нейкія спэкуляцыі на тэму матываў, якія падштурхнулі беларускія ўлады да такога рашэньня.
Гутарыў А.К.
* * *
Даведка: функцыі прадстаўніцтва інтарэсаў Эўракамісіі ў Беларусі дагэтуль выконвае прадстаўніцтва Эўракамісіі ва Ўкраіне, разьмешчанае ў Кіеве.