Нацбанк другі тыдзень падвышае курс даляра ЗША ў адносінах да рубля на Беларускай валютна‑фондавай біржы. Гэта сьведчыць пра праблемы ў замежным гандлі, калі валюты прыбытак ад экспарту адстае ад валютных выдаткаў на імпарт тавараў, паведамляе газэта «Белорусы и рынок».
Падвышэньне курсу даляру гаворыць пра сур’ёзныя намеры ўраду аслабіць нацыянальную валюту ў гэтым годзе, мяркуе эканамічны тыднёвік. Даляр падаражэў таксама і ў пунктах абмену валюты. Мінімальны кошт набыцьця і максымальны кошт продажу наяўных даляраў узрасьлі ў менскіх банках на два рублі. Попыт на даляры зьнізіўся ўдвая, аднак ўсё адно перавышае прапанову, тое самае назіраецца і ў выпадку з эўра і расейскім рублём. У сувязі з аслабленьнем даляру ў дачыненьні да гэтых валютаў, іх курсы датычна беларускага рубля на БВФБ узрасьлі на 0,66 ды 0,46% адпаведна.
Тым часам курс эўра амаль дасягнуў рэкорднага паказчыку сьнежня 2004 г., калі за адзін эўра даводзілася плаціць 2958 рублёў. Паводле курсу Нацбанку на заўтра, 25 красавіка, эўра каштуе 2909 рублёў. Пры гэтым попыт на эўра пакуль не істотны ў параўнаньні з далярам — 8‑9% ад усёй валюты, што набываюць у банках.