Інтэрнэт-партал Tuzin.fm прадстаўляе беларускую прэм’еру праекту «Тузін. Немаўля», у межах якога пройдуць тры кінаканцэрты, выстава ды экслюзіўны сэт замежных гасцей. Вядомы кінакрытык Ала Бабкова піша, чаму беларускія нямыя фільмы, знятыя ў 20-х гадах мінулага стагоддзя, вартыя ўвагі сучаснага гледача.

Ці складаюцца нямыя фільмы канца 1920-х гадоў — «Прастытутка» (1926), «Кастусь Каліноўскі» (1927) і «У агні народжаная» (1929) — у кінематаграфічны трыпціх? Не, бо занадта разнабойныя яны па жанры, сюжэце ды рэжысёрскай стылістыцы. Нават іх пракатныя і ідэалагічныя лёсы не супадаюць.

Першая стужка, разлічаная на камерцыйны поспех, дасягнула мэты, прынесла трэсту Белдзяржкіно салідныя грошы і дэманстравалася за мяжой. Другі фільм таксама з прыхільнасцю сустрэлі гледачы тых часоў, хаця яго аўдыторыя абмежавалася савецкай тэрыторыяй. Што тычыцца трэцяй карціны, то зафіксаваны нават калектыўны пратэст на сходзе Ленінградзкага гарнізона з патрабаваннем забараніць яе выхад на экран «як палітычна невытрыманай».
Але менавіта «У агні народжаная» мела больш станоўчых водгукаў кінакрытыкаў у параўнанні з дзвюма першымі.

А вось фінальныя пункты іх існавання.

У цыркуляры, датаваным 1937 годам, Белдзяржкіно рапартавала ў Маскву начальніку галоўнага кіраўніцтва кінапрамысловасці СССР Шумяцкаму аб абяскоджванні «варожых» фільмаў.
Забарона «Прастытуткі» матывавалася тым, што яна «палітычна няслушная», а «У агні народжаная» — як стужка «фармалістычная, якая няправільна адлюстроўвае ўтварэнне БССР па сцэнары ворага народу — Вольнага» (няправільна, зразумела, паводле пралетарскай трактоўкі гісторыі).
«Кастусь Каліноўскі» пазбег рэпрэсіўнай меры — трэба думаць, таму, што партыйныя эксперты дрэнна ведалі польска-беларускую мінуўшчыну. Але афіцыйныя ўстановы імкнуліся не згадваць пра мяцежнага героя, бо тагачасная ідэалогія вельмі хутка супрацьпаставіла беларусізацыі татальную саветызацыю.

Цяпер пытаньне: навошта вяртацца да фільмаў-муміяў, злучаючы іх з мадэрновай музыкай?

А навошта «Песняры», а за імі дзясяткі і сотні іншых беларускіх рок-гуртоў апрацоўвалі і выконвалі ў новай якасці, напрыклад, «Ой, рана на Йвана» або «Рэчаньку»?

Культурная рэанімацыя заўсёды карысная хаця б таму, што кожны яе матэрыяльны і духоўны носьбіт мае адбітак сваёй эпохі.
Ці ж не цікава — хаця б абмежаванаму колу сучаснікаў — вокам і слыхам адчуць асаблівасці атмасферы таго часу, так і «ўзросту» самога кінематографу?
Стужкі, пра якія ідзе гаворка, належаць «дзяцінству» беларускага кіно з яго імкненнем дацягнуцца да больш вопытных савецкіх узораў, што ўжо ўзбіраліся на кінематаграфічны Алімп: працаў Сяргей Эйзенштэйна, Дзігі Вертава, Аляксандра Даўжэнкі.
Фурору першапраходцы Белдзяржкіно ў кінасвеце можа і не зрабілі, але ў кожнай стужкі ёсць свой статус у гісторыі нашага кіно.

Усе тры фільмы выйшлі пад маркай Белдзяржкіно, арганізацыі, якой кіраўніцтва краіны даручыла арганізаваць кінавытворчасць і кіраваць ёю. Яна стужкі здымала і закупала замежную прадукцыю і мела манапольнае права на пракат па ўсёй Беларусі. Начальства Белдзяржкіно базавалася ў Мінску, а вытворчая база рыхтавалася ў Ленінградзе, бо там лягчэй было знайсці тэхнічнае абсталяванне і прафесійныя кадры для гульнявога кіно. Крыху пазней студыя ў Ленінградзе атрымала назву «Савецкая Беларусь», а потым ужо стала звацца «Беларусьфільм», а ў беларускую сталіцу яна перабазавалася ў 1939 годзе.

* * *

Ала Бабкова

Беларускі кінакрытык. Скончыла Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ламаносава. Больш за 20 гадоў працавала рэдактарам і загадчыцай сцэнарнага аддзелу аб’яднаньня «Тэлефільм» на Беларускім тэлебачанні. У 1972–1980 годзе выкладала курс «Гісторыя кіно і тэлебачання» ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў). У 1990–1997 працавала сакратаром па прэсе і інфармацыі ў Беларускім саюзе кінематаграфістаў. З 1998 году — незалежны крытык. Пісала для часопісаў «Искусство кино», «Кинофорум» (Расея), «Историк и Художник» (Расея-Польшча), «Мастацтва», «На экранах» (Беларусь) ды іншых.

* * *

22 лістапада (чацвер). Loft cafe (вул. П. Броўкі, 22)

— Сяргей Пукст — «Кастусь Каліноўскі» (19.00), Re1ikt — «У агні народжаная» (20.30). Цана квітка: 80 000 (танцпляц), 90 000 (столік).
24 лістапада (субота). Графіці (зав. Калініна, 16)
Адкрыццё выставы афішаў беларускага нямога кіно 20-х (18.00).
Экслюзіўны канцэртны сэт Ilo&friends (Беласток): упершыню ў Беларусі!
(19.00).

Цана квітка: 60 000 (загадзя), 80 000 (у дзень). Замовіць квіткі: 638-44-44 (МТС, Velcom, life)

25 лістапада (нядзеля). Loft cafe (вул. П. Броўкі, 22).
Ilo&friends — «Прастытутка» (19.00). Электрычны канцэрт Ilo&friends: прэзентацыя альбому «Сланечнікі» (20.30). Цана квітка: 80 000 (танцпляц), 90 000 (столік).
Квіткі прадаюцца толькі ў дзень канцэрту!
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?