У Беларусі ў 2013 годзе плануецца пабудаваць каля 6 млн.кв.м жылля, прыкладна палова яго будзе ў буйнапанэльным выкананні.
Аб гэтым паведаміў 6 лістапада ў Гомелі ў гутарцы з журналістамі намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрый Семянкевіч. Ён прымаў удзел у выязным пасяджэнні рэспубліканскага архітэктурна-горадабудаўнічага савета па пытаннях архітэктурнага аблічча новабудоўляў.
Паводле слоў субяседніка, гэта стане магчыма дзякуючы завяршэнню рэканструкцыі вытворчасці на большасці з 17 домабудаўнічых камбінатаў краіны.
«Сёння ў нас магутнасці домабудаўнічых камбінатаў — каля 1,5 млн.кв.м. Праведзеная мадэрнізацыя дасць магчымасць вырабляць крыху больш за 3 млн.кв.м індустрыяльнага жылля», — адзначыў ён. Гэты аб’ём поўнасцю перакрывае запланаваны на 2013 год аб’ём будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай (2,5 млн.кв.м).
Сабекошт квадратнага метра такога жылля будзе як мінімум на 10 працэнтаў меншы, чым пры ўзвядзенні з традыцыйных канструкцый.
«Тут цана, вядома, важны фактар. Але мы як архітэктары хочам, каб і эстэтыка індустрыяльнага жылля была дастойнай. Задача — будаваць так, каб індустрыяльнае домабудаванне стала візітнай карткай краіны і візітнай карткай нашых гарадоў», — падкрэсліў Дзмітрый Семянкевіч.

Гэтыя пытанні сталі дамінуючымі сёння ў час работы выязнога савета. Архітэктары і будаўнікі не толькі абмеркавалі праекты новых серый тыпавых дамоў, якія прапануюць айчынныя камбінаты, але і змаглі ўбачыць навінкі ў рэальным выкананні ў новых жылых мікрараёнах Гомеля. Удзельнікі мерапрыемства наведалі таксама Гомельскі домабудаўнічы камбінат, дзе азнаёміліся з работай новых вытворчых ліній.-0-

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?