Палітыка Нацыянальнага банка Беларусі ўзмацняе інфляцыйны націск на эканоміку, канстатуюць эксперты Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР).

У кастрычніцкім «Макраманіторы СНД», апублікаваным на сайце ЕАБР (www.eabr.org), гаворыцца: «Палітыка Нацыянальнага банка Беларусі набліжаецца да рысы, пераадолеўшы якую, яна пачне стымуляваць паскарэнне росту цэн у краіне».

«Як відаць, увага ўлад зрушылася з мер па стабілізацыі эканамічнага становішча ў краіне пасля падзей 2011 года да стымулявання эканамічнага росту. У межах гэтай задачы ляжыць аслабленне палітыкі цэнтральнага банка і рост крэдытавання эканомікі», — адзначаюць банкаўскія аналітыкі.

Сітуацыя з інфляцыяй, паводле іх ацэнкі, не дэманструе прыкмет паляпшэння.

«На гэтым фоне НББ панізіў стаўку рэфінансавання да 30% у верасні і плануе давесці яе да ўзроўню 25–26% да канца года і да 13–15% на працягу 2013 года. Гэты працэс суправаджаўся прыкметным узмацненнем крэдытнай актыўнасці: паводле вынікаў жніўня аб’ём банкаўскага крэдыту эканоміцы вырас на 20,2% да снежня 2011 года ў параўнанні з 11,9% на канец чэрвеня», — сказана ў дакуменце.

«Ва ўмовах слабага плацежнага балансу і абмежаваных магчымасцяў краіны па прыцягненні знешняга фінансавання такая змена палітыкі азначае ўзрастанне негатыўных рызык для стабільнасці эканомікі», — адзначаюць эксперты ЕАБР.

Варта заўважыць, што зараз Еўразійскі банк развіцця, які кіруе сродкамі Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, праводзіць ацэнку выканання Беларуссю ўмоў атрымання чацвёртага траншу крэдыту АКФ.

***

15–20 кастрычніка эксперты ЕАБР наведалі Мінск, дзе сустракаліся з прадстаўнікамі Мінфіна і Мінэканомікі, Нацбанка і міжнародных фінансавых інстытутаў. Тэмай сустрэч стала ацэнка выканання Беларуссю ўмоў для атрымання чацвёртага траншу крэдыту АКФ у памеры 440 млн. долараў.

«Пасля атрымання афіцыйнай справаздачы ўлад Беларусі аб выкананні ўмоў чацвёртага траншу ЕАБР працягне ацэнку прагрэсу, у тым ліку на падставе кансультацый з зацікаўленымі ведамствамі Беларусі. Справаздача кіраўніка па ацэнцы статусу ўмоў будзе разгледжана экспертным саветам фонду, а затым на чарговым пасяджэнні Савета фонду», — паведаміла паводле вынікаў візіту экспертаў прэс-служба ЕАБР.

У сваю чаргу кіраўнік праўлення Нацбанка Надзея Ермакова адзначае складанасці ў перамовах з АКФ ЕўрАзЭС. «Вядома, гэта няпростыя перамовы, на жаль. Хацелася б, каб яны нас зразумелі, і мы спадзяемся, што яны нас зразумеюць. Ну, а не зразумеюць — будзем спраўляцца самі», — заявіла яна 18 кастрычніка.

Прычына складанасцяў, растлумачыла Ермакова, у тым, што патрабаванні фонду мяняюцца ў бок узмацнення жорсткасці. «Мы спадзяемся, што атрымаем ад Антыкрызіснага фонду тую суму, якая была прапісана паводле першапачатковай праграмы. Але праграма робіцца больш жорсткай, патрабаванні, якія мы павінны выканаць, робяцца больш жорсткімі», — сказала кіраўнік Нацбанка.

Савет АКФ ЕўрАзЭС у чэрвені 2011 года ўхваліў выдзяленне Беларусі ў 2011–2013 гадах крэдыту ў аб’ёме 3 млрд. долараў. Тры траншы крэдыту з шасці на агульную суму 1,68 млрд. ужо атрыманы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?