Па стане на 1 студзеня 2007 года на ўліку ў МУС Беларусі знаходзілася 1.300 кіберзлачынцаў — хакераў, кардэраў, інтэрнет‑махляроў. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення па раскрыцці злачынцаў у сферы высокіх тэхналогій МУС Беларусі Ігар Чарненка 24 красавіка на прэс‑канферэнцыі ў Мінску. Паводле яго слоў, 97% злачынстваў у сферы камп’ютэрнай інфармацыі здзейснена зусім дарослымі людзьмі, прычым больш за трэцюю частку з іх учынілі жанчыны.

Усяго за мінулы год у Беларусі здзейснена 847 злачынстваў з выкарыстаннем камп’ютэрнай тэхнікі, у тым ліку 334 — супраць інфармацыйнай бяспекі. У першым квартале такіх злачынстваў зафіксавана 257, з якіх 196 — супраць інфармацыйнай бяспекі.

Як зазначыў І.Чарненка, кіберзлачыннасць у Беларусі за апошнія гады значна змянілася. Так, калі з 1998 па 2001 гады ў яе структуры пераважалі факты крадзяжу з замежных інтэрнет‑крамаў па выкрадзеных рэквізітах крэдытных картак, дык цяпер значнае распаўсюджанне атрымалі хакерскія атакі на сайты дзяржаўных і камерцыйных устаноў, пранікненне ў працэс абмену электроннымі данымі.

Ва ўсіх рэгіёнах Беларусі таксама адзначаны выпадкі крадзяжу сродкаў па падробных крэдытных картках, несанкцыянаваны доступ да камп’ютэрнай інфармацыі і яе мадыфікацыя, стварэнне падманных сайтаў банкаўскіх устаноў і іншыя злачынствы ў сферы высокіх тэхналогій, распрацоўка і выкарыстанне шкодных праграм.

Гаворачы пра ўрон, што быў нанесены беларускімі кіберзлачынцамі, І.Чарненка ўзгадаў у якасці прыкладу так званую «справу Паўловіча». Гэты грамадзянін з удзелам украінскіх хакераў арганізаваў у інтэрнеце злачынную супольнасць, якая займалася крадзяжом з банкаўскіх структур рэквізітаў крэдытных картак, іх продажам і вырабам падробных крэдытных картак. Урон, нанесены дзейнасцю групы Паўловіча міжнародным плацёжным сістэмам, ацэньваецца ў 15 млн. долараў ЗША. Цяпер ён асуджаны ў Беларусі па артыкулах 212 (крадзеж маёмасці пры дапамозе камп’ютэрнай тэхнікі) і 222 (рэалізацыя падробных плацежных сродкаў).

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0