Аляксандр Лукашэнка 8 лістапада падпісаў указ № 504 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва ўказы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2007 г. № 214 і ад 9 верасня 2009 г. № 444».

Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, дакументам удакладняюцца асобныя нормы правілаў водпуску драўніны на пні і яе нарыхтоўкі ў лясах Беларусі, палажэнні аб парадку выдзялення ўчасткаў ляснога фонду юрыдычным асобам у арэнду і (ці) карыстанне для ажыццяўлення лесакарыстання, а таксама выкладаюцца ў новай рэдакцыі правілы рэалізацыі драўніны на ўнутраным рынку краіны.

У правілы, у прыватнасці, уводзіцца норма аб нераспаўсюджанні іх дзеяння на аб’екты рэканструкцыі меліярацыйных сістэм і гідратэхнічных збудаванняў, удакладняецца тэрміналогія,
спрашчаецца афармленне дакументаў у выпадку дробнага водпуску лясніцтвам драўніны на дровы і павялічваецца аб’ём такой драўніны да 15 куб. метраў замест раней устаноўленай нормы 10 куб. метраў.

Наяўны прававы прагал для прыняцця рашэнняў аб выдзяленні зямельных участкаў для стварэння вальераў для дзікіх жывёл запоўнены змяненнямі, што ўносяцца ў палажэнне.

Апрача таго, палажэннем удакладнены парадак узаемадзеяння дзяржаўнага органа (арганізацыі) з лесакарыстаннем і юрыдычнай асобай, якая вядзе лясную гаспадарку.

Выкладанне правілаў рэалізацыі драўніны на ўнутраным рынку ў новай рэдакцыі абумоўлена неабходнасцю павышэння эфектыўнасці выкарыстання дзелавой драўніны, што нарыхтоўваецца ў краіне.
Як тлумачыць прэс-служба, існая сістэма рэалізацыі драўніны на пні мае значныя недахопы, паколькі пры яе нарыхтоўцы атрымліваюцца спадарожныя сартыменты, якія не выкарыстоўваюцца ў вытворчасці.

У сувязі з гэтым для ажыццяўлення пераходу да рэалізацыі драўніны ў нарыхтаваным выглядзе ўводзіцца норма па паступовым змяншэнні аб’ёмаў рэалізацыі драўніны на пні на біржавых таргах з 50% аб’ёму лесасечнага фонду прапарцыянальна па групах парод у 2013 годзе (3,2 млн. куб. метраў) да 25% у 2014 годзе (1,7 млн. куб. метраў), а з 2015 года прапаноўваецца рэалізоўваць драўніну на пні толькі з мяккалісцевага лесасечнага фонду на цяжкадаступных участках ляснога фонду (0,8 млн. куб. метраў).

У сувязі з тым, што пераход на новы механізм можа прывесці да павелічэння кошту нарыхтоўчых работ на 10–15%, і ўлічваючы тое, што сельскагаспадарчыя арганізацыі самастойна нарыхтоўваюць лес, указам у мэтах рэалізацыі дзяржпраграм прадугледжана выдзяленне драўніны на пні па фондах аблвыканкамаў у аб’ёме не больш як 15% ад аб’ёму лесасечнага фонду Мінлясгаса. Каб гарантаваць магчымасць набыцця піламатэрыялаў насельніцтвам, бюджэтнымі, будаўнічымі арганізацыямі, арганізацыямі аграпрамысловага комплексу, частка драўніны з фонду аблвыканкама будзе размяркоўвацца дрэваапрацоўчым вытворчасцям Мінлясгаса для частковай загрузкі іх дрэваапрацоўчых магутнасцяў для забеспячэння згаданых мэтаў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?