Крымінальная справа распачатая па матэрыялах Галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі (ГУУБ) МУС, згодна з якім начальнік АБЭЗ маёр міліцыі П. і яго падначалены капітан С. сфальсіфікавалі матэрыялы праверкі па факце вывазу лому каляровых металаў.
Паводле звестак ГУУБ МУС, падазраваныя ў траўні 2012 праводзілі разбіральніцтва па факце затрымання мікрааўтобуса «Фольксваген», які перавозіў 2 тоны каляровых металаў без суправаджальных дакументаў.Замест таго, каб правесці разбіральніцтва аб'ектыўна і справядліва, маёр і капітан наўмысна, насуперак інтарэсам службы, з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў і з карыслівага інтарэсу, далі магчымасць уладальнікам пазбегнуць адказнасці. Зроблена гэта было простым, але эфектыўным спосабам: у пратаколе замянілі дадзеныя чалавека, які здзейсніў правапарушэнне, а ў якасці грузу паказалі лом чорнага металу, а не каляровага. Акрамя таго, падазраваныя істотна паменшылі і вагу незаконнага грузу - з 2 тон да 388 кілаграмаў.
Усе гэтыя дзеянні змагароў з эканамічнай злачыннасцю пацягнулі не прыцягненне ўладальніка грузу да адказнасці за здзейсненае правапарушэнне, а прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам.
А вось следчаму камітэту матэрыялы ГУУБ МУС далі нагоду кваліфікаваць дзеянні службовых асоб АБЭЗ Смалявіцкага РАУС па ч.2 арт.424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Вядзецца расследаванне.