Праваабаронца Кася Галіцкая паведаміла, што актывіст міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Раман Васільеў асуджаны да адміністрацыйнага арышту на 15 сутак. Такое рашэнне прыняў 9 лістапада суд Маскоўскага раёна Мінска.

Паводле яе слоў, Васільеў прызнаны вінаватым па артыкуле 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (дробнае хуліганства). Рашэнне вынесла суддзя Таццяна Матыль, занесеная ЕС у спіс неўязных.

Як адзначыла праваабаронца, Васільеву інкрымінавалася спроба ўвечары 6 лістапада абліць валяр’янкай помнік Леніну на плошчы Незалежнасці ў Мінску./blockquote>

Актывіст быў затрыманы вечарам 8 лістапада. Ён выйшаў з дому на сустрэчу, але да месца прызначэння так і не дабраўся. Пазней высветлілася, што Васільеў быў дастаўлены ва УУС Маскоўскага раёна Мінска.

Нагадаем, гэта ўжо другі маладафронтавец, затрыманы на гэтым тыдні. Увечары 6 лістапада аховай Дома Урада пры спробе абліць помнік Леніну на плошчы Незалежнасці ў Мінску валяр’янкай быў затрыманы яшчэ адзін сябра арганізацыі Уладзімір Яроменак. 8 лістапада суд Маскоўскага раёна прысудзіў яго да 15 сутак адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?