Як паведаміў «Нашай Ніве» паляўнічы, у Навагрудскім раёне праводзіцца масавы адстрэл дзікоў. У ім удзельнічаюць як навагрудскія паляўнічыя, так і іх калегі з суседніх раёнаў. «Збіраюць групы паляўнічых для адстрэлу дзікоў. Цяпер каля возера Свіцязь асноўныя падзеі адбываюцца», — расказаў суразмоўца.

Па словах паляўнічага, масавы адстрэл нібыта наладзілі пасля таго, як выявілі дзіка, хворага на афрыканскую чуму.

У навагрудскім раённым аддзяленні Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПіР) пацвердзілі інфармацыю пра адстрэл дзікоў, але прычыны назвалі іншыя:

«Праводзіцца маніторынг трыхінелёзу па прадпісанні ветслужбаў», кажуць у БТПіР.
Тушы забітых дзікоў адвозяць у лабараторыі Навагрудка, Гродна і Мінска. «Наша справа — адстрэл, усё астатняе высвятляць ветэрынары».
«Маніторынг трыхінелёзу — гэта толькі адна з прычынаў», — патлумачылі карэспандэнту «НН» у Навагрудскай раённай ветэрынарнай станцыі.
«Акрамя гэтага, трэба ўлічваць неспрыяльную эпізаатычную сітуацыю ў суседніх краінах — Украіне, Расіі. А таксама рэзкі рост папуляцыі дзікоў у рэгіёне. Дзікоў шмат і яны шкоду робяць, найперш у кукурузе і бульбе».
Словы паляўнічых пра заражэнне дзікоў афрыканскай чумой у ветстанцыі катэгарычна абверглі.

Нагадаем, што ў лютым гэтага года ў Навагрудскім раёне ў вёсцы Нязнанава ветслужбы канфіскавалі ў мясцовых жыхароў свіней, забілі іх і спалілі. Інфармацыя трапіла ў прэсу, з’явіліся чуткі пра ўспышку афрыканскай чумы свіней.

Афіцыйна дзеянні ветслужбы ў Нязнанаве назвалі «рэгіянальнымі вучэннямі ў рэжыме максімальна набліжанай да рэальных умоў абстаноўкі, з прымяненнем эфекту нечаканасці і адпрацоўкай ўсіх канкрэтных дзеянняў і прафілактычных мерапрыемстваў». Выпадак у Нязнанаве меў шырокі розгалас у краіне.

«НН» параўнала апісаныя вяскоўцамі дзеянні санэпідэмстанцыі з патрабаваннямі адпаведных правілаў і прыйшла да высновы, што ў Нязнанаве маглі праводзіцца не вучэнні, а абмежавальныя меры пры падазрэнні на АЧС.

Трыхінілёз — паразітарнае захворванне, якое выклікаюць круглыя чэрві трыхінелы. Чалавеку перадаецца з мясам свойскай свінні або дзіка, а таксама пры апрацоўцы жывёльнай скуры. Выявіць хваробу можна з дапамогай аналізу крыві і мышачнай біяпсіі.

Каб пазбегнуць заражэння, досыць трымацца правілаў апрацоўкі мяса.
Гатаваць яго пры ўнутранай тэмпературы прадукту не ніжэйшай за 74 градусы. Можна вымаразіць мяса: пры тэмпературы -20 градусаў дастаткова 3 дні, пры -15 — не менш за 20 дзён.

Афрыканская чума свіней чалавеку не шкодзіць. Але яна вельмі заразная: косіць свінства падчыстую, дзе толькі завядзецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?