Аляксандр Лукашэнка вызваліў генерал-лейтэнанта Вадзіма Зайцава ад пасады старшыні КДБ. Адпаведнае рашэнне прынята па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы, на якім разглядаліся перспектывы і хібы ў працы Камітэта дзяржбяспекі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі.

Па выніках нарады дзяржаўны сакратар Рады Бяспекі Леанід Мальцаў адзначыў, што ў сваіх выступах генеральны пракурор і старшыня Следчага камітэта паставілі шэраг пытанняў. У прыватнасці, яны тычыліся апошніх падзей, звязаных з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі. «Усім вядома пра самагубства падпалкоўніка КДБ Аляксандра Казака Ёсць і шэраг іншых пытанняў, якія патрабуюць ўважлівага расследавання», — заявіў Леанід Мальцаў.

«У сувязі з гэтым прэзідэнт прыняў рашэнне вызваліць генерал-лейтэнанта Вадзіма Зайцава ад пасады старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі і залічыць яго ў распараджэнне старшыні КДБ», — паведаміў дзяржсакратар Рады бяспекі.

«Выконваць абавязкі старшыні КДБ даручана мне. Але гэта не значыць, што Вадзім Зайцаў пасля завяршэння расследавання не можа вярнуцца на гэтую пасаду.
Калі расследаванне пакажуць кампетэнтнасць яго і іншых службовых асоб, то па-за ўсялякімі сумневамі ён будзе вернуты на гэтую пасаду. Гэта зроблена для таго, каб расследаванне было праведзена максімальна аб’ектыўна, — удакладніў Леанід Мальцаў. — Расследаванне даручана праводзіць генеральнаму пракурору. Таксама да гэтай працы будзе падлучаны Следчы камітэт».
48-гадовы Вадзім Зайцаў працаваў на чале КДБ ад 15 ліпеня 2008 года.
Некаторыя называлі яго чалавекам, блізка знаёмым з Віктарам Лукашэнкам, сынам кіраўніка дзяржавы і ягоныя памочнікам па нацыянальнай бяспецы.
Менавіта ў часе кіравання Зайцава з турмаў прыйшлі першыя звесткі аб катаваннях палітвязняў. Вязні Міхалевіч, Аліневіч, Кобец заявілі пра такія катаванні менавіта ў СІЗА КДБ.
Паводле іхных словаў, гэтым працэсам кіраваў непасрэдна начальнік СІЗА. Некаторыя палітвязні, у тым ліку былыя кандыдаты ў прэзідэнты, паведамлялі аб размовах з самім Зайцавым у часе свайго зняволення.
Як вынікае з матэрыялаў судовай справы, пры Зайцаву была задуманая і арганізаваная справа Бяляцкага.

Інстытуцыянальна, КДБ за Зайцава набраў вагу, істотна выраслі паўнамоцтвы Камітэта. Было дазволена праводзіць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, прымяняць рашэнні па меры ўтрымання і здзяйсняць асобныя працэсуальныя дзеянні па пастановах старшыні КДБ. Гэтак, разбор так званай «справы брэсцкіх мытнікаў» скончыўся перамогай для кадэбістаў, а следчая пракуратуры па гэтай справе Байкова трапіла ў турму і пад суд.

Справа Казака была не адзінай дзіўнай падзеяй апошняга часу.
Варта ўзгадаць яшчэ выбух на польскай мяжы і атаку на літоўскае пасольства. А да таго — палітычна матываваныя рэпрэсіі супраць гродзенскай інтэлігенцыі і часопіса «Arche».
Звяртае ўвагу, што «справу Казака» прэс-служба КДБ доўгі час аспрэчвала.
Гэта нагадвае доўгае адмаўленне «мядзведжага дэсанту» ўлетку. І тады, і тады прапаганда выглядала няўклюднай і палітызавала тое, што магло быць звыклай навіной.
Што можа азначае часовае адхіленне Зайцава? На першы погляд, яно вельмі нагадвае дзіўную адстаўку Шэймана пасля выбуху 4 ліпеня 2008 года.
Нагадаем, яна была сігналам пра змену курсу і прэлюдыяй да перамоваў з МВФ пра здабыццё танных крэдытаў для Беларусі.

Аднак прычынай адстаўкі могуць быць і нюансы следства па банальнай крымінальнай справе ці барацьба за правы між рознымі сілавымі ведамствамі, накшталт таго, як між Сухарэнкам і Ломацем у свой час.

У прэс-службе прэзідэнта заявілі, што кіраўнік дзяржавы «асабліва звярнуў увагу на тое, што ў калектыве органаў дзяржбяспекі не павінна быць салдафонства,
у негатыўным разуменні гэтага слова».

«Гэта непрымальна і недапушчальна гэтак жа, як нервовасць, не дай бог, запалохванне, якія знішчаюць творчае стаўленне да справы і спараджаць пасіўнасць і абыякавасць у супрацоўнікаў», — цытуе прэс-служба выказванні А.Лукашэнкі на нарадзе.

«Так, жорсткай рукой трэба выкараняць здраду інтарэсаў дзяржавы, карупцыю, бяздзейнасць. Але, у той жа час, трэба давяраць людзям, дапамагчы тым, якія спатыкнуліся, трапілі ў бяду. Гэты чалавек, калі ён не вораг і не злачынец, потым з адмысловай стараннасцю праявіць сябе у працы», — заявіў А.Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?