У Беларусі каля 223 тысяч пацыентаў з цукровым дыябетам, прыкладна 90% маюць другі тып захворвання,
паведаміла намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Вольга Салко.

За апошнія 15 гадоў колькасць хворых падвоілася, сказала яна. Пры гэтым колькасць хворых, у якіх цукровы дыябет быў выяўлены ўпершыню, за 15 гадоў павялічылася ў 3,5 разу. Разам з тым, паводле слоў Салко, у Беларусі намецілася тэндэнцыя да зніжэння асноўных ускладненняў цукровага дыябету, памяншаецца смяротнасць пацыентаў з гэтым захворваннем.

Галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Анжаліка Сонцава паведаміла, што за апошнія гады павялічылася колькасць выпадкаў выяўлення дыябету ў дзяцей у больш раннім узросце.

Спецыялісты адзначаюць, што калі

раней асноўны пік пачатку цукровага дыябету першага тыпу ў дзяцей прыпадаў на 10–14 гадоў, то цяпер усё больш і больш выпадкаў, калі цукровы дыябет выяўляюць у дзяцей ва ўзросце чатырох-пяці гадоў.
Ёсць выпадкі пачатку цукровага дыябету ў дзяцей аднаго-двух гадоў.

Сонцава сказала, што ў медыцынскім асяроддзі існуе некалькі тэорый, чаму цукровы дыябет узнікае ў маленькіх дзяцей. Фактарамі захворвання, як правіла, з’яўляюцца знешняе асяроддзе і харчаванне.

«Цяпер вельмі модная тэорыя аб тым, што прычынай дыябету можа стаць залішняе спажыванне каровінага малака падчас цяжарнасці або ранні перавод дзіцяці на каровіна малако, —

адзначыла спецыяліст. — Таксама гэта стрэсавыя сітуацыі, дзіцячыя інфекцыі ў дашкольнікаў, якія могуць справакаваць ранняе пашкоджанне бэта-клетак падстраўнікавай залозы».

Паводле слоў Сонцавай, некаторыя спецыялісты падзяліліся такім назіраннем:

павышаную рызыку захварэць на цукровы дыябет маюць таксама дзеці з генетычнай схільнасцю, калі яны не хварэлі ні на якія вірусныя захворванні ў раннім дзяцінстве, да двух-трох гадоў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?