Лідэр грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэй Саньнікаў паведаміў, што не далучаецца да Мэмарандуму, падпісанага ў Вільні на нарадзе кіраўнікоў беларускіх партый і грамадзкіх арганізацый са Старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай.

Пра гэта паведамляецца на старонцы Рады БНР у facebook.

У Вільні Мэмарандум падпісалі Уладзімер Барадач (Аргкамітэт Савету Нацыянальнага Адраджэньня), Вінцук Вячорка (Аргкамітэт «Беларускага Руху)», Аляксандар Дабравольскі (АГП), Мікалай Дземідзенка («Малады Фронт»), Уладзімер Колас (Рада беларускай інтэлігенцыі), Вольга Карач (грамадзянская кампанія «Наш Дом»), Аляксандар Мілінкевіч (Рух «За свабоду»), Станіслаў Шушкевіч (БСДГ), Аляксей Янкевіч (партыя БНФ), ад імя Рады БНР – Івонка Сурвілла.

Пазьней пра далучэньне да Мэмарандуму заявілі старшыня КХП-БНФ Зянон Пазьняк, лідэр кампаніі «Гавары праўду» Уладзімер Някляеў, аргкамітэт партыі Беларуская Хрысьціянскай Дэмакратыя, рух салідарнасьці «Разам».

Як было заяўлена, дакумэнт адкрыты да падпісаньня.

Як вынікае з вытрымак тэксту Мэмарандуму, ягоныя падпісанты лічаць, што «….зарукай забесьпячэньня беларускага нацыянальнага сувэрэнітэту будзе аднаўленьне мэханізму прыняцьця беларускім грамадзтвам свабодных і абгрунтаваных рашэньняў аб сваёй палітычнай будучыні, што запатрабуе дэмантажу аўтарытарнага рэжыму. Як найхутчэй маюць быць прынятыя меры засьцярогі ад паўторнага надыходу аўтарытарызму і злоўжываньня ўладай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?