Па факце выбуху каля будынка упраўлення КДБ па Віцебскай вобласці распачата крымінальная справа па частцы 3 артыкула 339 КК (асабліва злоснае хуліганства).

Як вынікае з афіцыйнага паведамлення цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў (ЦІГС) Камітэта дзяржбяспекі, выбух адбыўся 11 лістапада ў 18.48. Узарвалася «прымітыўнае самаробнае піратэхнічнае прыстасаванне», у будынку пашкоджаны два акны.

Паводле папярэдніх ацэнак, прылада ўяўляла сабой кардонны або пластмасавы тубус,
начынены 50–70 грамамі піратэхнічнай сумесі і памешчаны ў бляшанку ёмістасцю 0,25–0,33 літра без паражальных элементаў, якое было прыведзена ў дзеянне шляхам падпалу.
«У выніку неадкладных следчых дзеянняў і на падставе паказанняў сведак затрыманы тры чалавекі, адзін з якіх са знешнімі прыкметамі адхіленняў ад нармальных паводзінаў раней ажыццяўляў тэлефонныя званкі ва УКДБ з некарэктнымі выказваннямі ў адрас органаў улады.
На месцы здарэння працуе аператыўна-следчая група», — гаворыцца ў паведамленні ЦІГС КДБ.

Частка 3 артыкула 339 КК прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў.

Выбух у Віцебску адбыўся праз два дні пасля адстаўкі старшыні КДБ Вадзіма Зайцава (ён адхілены ад пасады 9 лістапада рашэннем кіраўніка дзяржавы), а таксама напярэдадні ўваходжання ў сілу змяненняў і дапаўненняў у законы аб барацьбе з тэрарызмам, аб супрацьдзеянні экстрэмізму і ў некаторыя артыкулы Крымінальнага кодэкса (яны набылі моц 12 лістапада).

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?