У суботу з Наваполацкай калёніі вярнулася маці Ігара Аліневіча спадарыня Валянціна. Замест трох сутак ім з мужам дазволілі правесьці з сынам толькі адны суткі:
«Па-іншаму ў нас не бывае. За ўвесь час, які ён там, больш за адны суткі нам не давалі ніколі. І кіраўніцтва калёніі ўхіляецца ад тлумачэньняў. Я паспрабавала сустрэцца з начальнікам калёніі, а ён кажа: «Нам няма пра што з вамі размаўляць».
Трымаецца Ігар добра, настрой бадзёры, толькі выглядае вельмі бледным і схуднелым, распавяла маці:.
«Я яго абняла, ён кажа: «Пахне ад цябе домам. А ад мяне — турмой?» Я адказваю: «Не, маім родным дзіцем». Мы з мужам адразу хацелі яго карміць. А Ігар кажа: «Давайце спачатку паразмаўляем, я так вас даўно ня бачыў…»
Ігар Аліневіч — вэгетарыянец. Як злоснаму парушальніку рэжыму яму «ўрэзалі» так званую «атаварку» — патраціць на ежу і прадметы асабістай гігіены ён можа толькі 100 тысяч рублёў у месяц:
«І ён хацеў бы садавіну і гародніну купляць. А іх у турэмнай краме няма наагул. Ігар вельмі шчасьлівы, што купіў 3 кіляграмы цыбулі. Я прывезла два мяхі яблык — у дар атраду. Дык не дазволілі пакінуць — маўляў, няхай прападае, толькі каб не дасталося людзям. Мне было дакладна сказана: загад Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў — прадукты перадаваць забаронена».
Такім чынам, з сабой у атрад Аліневічу не дазволілі наагул нічога ўзяць з прадуктаў.