Першы міжнародны фестываль JazzinMinsk-2012 пройдзе ў беларускай сталіцы з 19 па 22 лістапада.

Ён арганізаваны прадзюсарскім цэнтрам «JazzinMinsk & Джаз-клуб Яўгена Уладзімірава» пры садзейнічанні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай камісіі ЮНЕСКА. Генеральным партнёрам выступае Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва.

У фестывалі возьмуць удзел вядомыя джазавыя музыканты з ЗША, Бразіліі, Ізраіля, Англіі, Германіі, Польшчы, Італіі, Расіі і Беларусі.
Канцэрты будуць праходзіць на дзвюх сцэнах — у Палацы прафсаюзаў і ў Джаз-клубе Яўгена Уладзімірава, які размешчаны ў Палацы Рэспублікі. Майстар-класы замежных выканаўцаў будуць арганізаваны ў Акадэміі музыкі і ва Універсітэце мастацтваў.

Арганізатары фестывалю абяцаюць мінчанам і гасцям горада «цудоўнае свята найвышэйшай якасці музыкі, энергіі і радасці жыцця». Акрамя чатырох асноўных фестывальных дзён, падчас кожнага з якіх будуць праходзіць па два канцэрты, у межах JazzinMinsk-2012 запланаваны шэраг «цікавых джазавых мерапрыемстваў», пра падрабязнасці якіх можна даведацца на сайце www.jazzclub.by.

Кошт білетаў на кожны з фестывальных дзён вагаецца ад 50 да 450 тысяч рублёў.
Пры куплі абанемента на ўсе чатыры дні прадугледжана 20-працэнтная скідка, на тры дні — скідка ў 15%.

Паводле слоў дырэктара джаз-клуба Яўгена Уладзімірава, фестываль JazzinMinsk-2012 «аб’яднаў пад сваімі сцягамі цэлую армію віртуозаў з розных краін свету». «Гэта не толькі музыка найвышэйшай пробы, знаёмства з мэтрамі сусветнага джаза і іх новымі работамі, але і адкрыцці», — сказаў ён.

«Джаз для музыкі — гэта каталізатар развіцця. Дастаткова крыху паглыбіцца ў гісторыю і ўспомніць, скажам, скрыпічныя канцэрты Паганіні, арганныя прэлюдыі і фугі Баха — гэта ж сапраўдная імправізацыя.
Джаз існуе не для бедных і не для багатых. Яго аўдыторыю трэба разглядаць у іншай плоскасці — гэта пачуццёвыя і рамантычныя людзі, гэта людзі, не тое каб падрыхтаваныя ў плане музычнай адукацыі, а якія проста па сваёй прыродзе маюць багаты ўнутраны свет, пазітыўную энергію стварэння. Менавіта яны робяць свет лепшым. Чым больш развітае грамадства — тым больш джаза», — сцвярджае дырэктар джаз-клуба.

Уладзіміраў звярнуў увагу на тое, што ў 2012 годзе ЮНЕСКА абвясціла джаз «найвышэйшым мастацтвам сучаснага свету, якое аб’ядноўвае краіны і народы».

«За 17 гадоў дзейнасці джаз-клуба мы пазнаёмілі беларускую публіку з велізарнай колькасцю выдатных выканаўцаў. Наша задача — папулярызаваць таленавітых беларускіх музыкантаў. Для іх праца на адной сцэне з вялікімі выканаўцамі джазавай музыкі дае вельмі шмат», — адзначыў дырэктар джаз-клуба, узнагароджаны дыпломам ЮНЕСКА за значны ўнёсак у развіццё джазавай музыкі ў Беларусі.

Пры гэтым Уладзіміраў заўважыў, што джаз не самаакупны. «Немагчыма гэта рабіць без фінансавай падтрымкі. Напрыклад, дзейнасць святочнага агенцтва Яўгена Уладзімірава, створанага на базе джаз-клуба, пакрывае фінансавыя страты самога джаз-клуба», — гаворыць дырэктар.

Зрэшты, паводле яго слоў, грошай публікі «ніколі не хапае на высокае мастацтва — гэта можна рабіць толькі за кошт падтрымкі мецэнатаў і спонсараў».

«Калі вы паглядзіце на гісторыю Джаз-клуба Яўгена Уладзімірава, нашы спонсары — гэта толькі аматары джаза, яны сапраўды хочуць дапамагчы. Для іх гэта не пытанне рэкламы гандлёвай маркі, а пытанне эмацыянальнай аддачы. Гэта іх унёсак у музыку», — падкрэсліў Уладзіміраў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?