Удзел Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў Нацыянальнай тэатральнай прэміі застаецца пад пытаннем. Пра гэта заявіў 12 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін.

Рэжысёр растлумачыў, што ўся трупа ў гэты час знаходзіцца на саракадзённых гастролях у Францыі. Такая дзіўная сітуацыя склалася з-за пераносу тэрмінаў правядзення прэміі з кастрычніка на лістапад.

«У кастрычніку мы былі поўнасцю гатовыя да ўдзелу. А наконт гастроляў па Францыі — вы ж разумееце, што такія дамоўленасці заключаюцца за год-паўтара, а то і два», — заявіў рэжысёр.

Ён зазначыў, што пытанне ўдзелу тэатра ў праграме можа быць вырашана паказам запісу пастановак на дыску. Аднак калі не знойдзецца належнага памяшкання для дэманстрацыі, браць удзел у прэміі Купалаўскі тэатр не будзе.

«Дзіўна было б паказваць спектакль, напрыклад, у нейкай аўдыторыі ўніверсітэта культуры ці на малой сцэне Рускага тэатра, дзе са 103 чалавек журы памесцяцца толькі сорак», — зазначыў Пінігін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?